На палітвязняў ціснуць праз «ссучаных»

Гатовы выпусціць без прызнання віны, патрабуецца просьба аб памілаванні.

03.07.2012 / 09:26

Сёння 3 Ліпеня, і шмат хто спадзяваўся, што да гэтай даты з турмаў выйдуць палітвязні.
Але амністыя, прымеркаваная да свята, была прадуманая такім чынам, каб на палітычных яна не распаўсюджвалася.
Перш чым выпусціць, палітвязняў хочуць змусіць да сімвалічнага прашэння аб памілаванні.

Каб выбіць такую паперу, іх усяляк прэсуюць. Ёсць інфармацыя, што ў выпадку праваабаронцы Алеся Бяляцкага для ціску выкарыстоўваюць, па-турэмнаму кажучы, «ссучаных» — вязняў, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.

Вызвалены з бабруйскай калоніі чалавек расказаў, што, акрамя таго, адміністрацыя карае за размовы з Бяляцкім і праявы сімпатыяў да яго. Вязняў могуць перавесці ў іншы атрад ці пазбавіць палёгкаў.

Свае дзеянні адміністрацыя калоніі тлумачыць тым, што што ў атрадзе ёсць Бяляцкі, які не хоча раскаяцца.

Аналагічныя звесткі надышлі з турмы ад Мікалая Статкевіча.

У чарговым лісце жонцы былы кіраўнік незалежнага Беларускага згуртавання вайскоўцаў згадвае прапанову атрымаць памілаванне, якую ён не прыняў:
«18.06 мне сказалі, што ёсць магчымасць атрымаць „памілаванне“, без прызнання віны. Я адмовіўся, і 20.06 у камеру пасадзілі чалавека, які назваўся прозвішчам асуджанага, з якім я нядоўга бачыўся ў калоніі № 17. Але я не пазнаў у ім таго чалавека. Я распавёў яму, што за людзі ў нашай камеры і ён стаў прасіцца ў іншую камеру, але яго не выпусцілі. Я распытаў яго і ён нарэшце прызнаўся, што 2 месяцы сядзеў у камеры з хворымі на СНІД».
«У нас няма палітвязняў», — сцвярджаюць лукашэнкаўскія дыпламаты.
Аднак у турмах рэальнасць іншая. На ізаляцыю менавіта палітычных працуе адміністрацыйны механізм. Юнак Мікіта Ліхавід, адзін з асуджаных па справе Плошчы, расказваў, што асабліва застрашаныя зняволеныя баяліся сутыкнуцца з ім нават на лесвіцы і, пабачыўшы яго, уцякалі ўподбеж.
У турмах застаюцца лідар афганцаў-прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, лідары Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, лідары анархістаў Дзядок, Аліневіч і Францкевіч, Яўген Васьковіч ды два іншыя хлопцы, якія кінулі бутэльку з запальнай сумессю ў будынак КДБ, ды шэраг іншых апазіцыянераў.

Мікола Бугай