Каля Палаца спорту сутыкнуліся рачны трамвай і лодка. Загінуў чалавек

Трагедыя адбылася паміж 16 і 17 гадзінамі 3 ліпеня.

04.07.2012 / 10:10

У Свіслачы, у раёне Палаца спорту, патануў чалавек, паведамляе МНС. Яшчэ дваіх выратавалі відавочцы.

Трагедыя адбылася паміж 16 і 17 гадзінамі 3 ліпеня.

Як распавёў памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі, на Свіслачы сутыкнуліся шпацырная баржа і лодка, у якой знаходзіліся тры чалавекі. У выніку сутыкнення ўсе трое пасажыраў лодкі апынуліся ў вадзе. Дваіх яшчэ да прыезду ратавальнікаў выцягнулі з вады відавочцы — людзі, якія каталіся паблізу на катамаранах.

Трэцяга чалавека выратаваць не ўдалося. Па словах відавочцаў, ён адразу ж пайшоў пад ваду.
Ёсць меркаванне, што ён мог ударыцца. Ледзь пазней вадалазы дасталі яго цела.

Прычыны сутыкнення высвятляюцца. На месца здарэння прыбылі прадстаўнікі Следчага камітэта. Расследаваннем займаецца СК па Мінску.