Украіна выплаціць Луцэнку 15 тысяч еўра за незаконны арышт

04.07.2012 / 10:34

Украіна паабяцала выканаць рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека, які пастанавіў выплаціць 15 тысяч еўра экс-міністру ўнутраных спраў Юрыю Луцэнку за незаконны арышт

У аўторак ЕСПЧ прызнаў незаконнасць арышту Луцэнкі і запатрабаваў з уладаў Украіны 15 тысяч еўра на ягоную карысць у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Былы міністр унутраных спраў Украіны быў арыштаваны напрыканцы 2010 года. Яго абвінавачвалі ў раскраданні дзяржаўнай маёмасці і перавышэнні паўнамоцтваў, у прыватнасці, незаконным афармленні на працу ў МУС свайго асабістага кіроўцы і ў парушэннях, звязаных з прадастаўленнем яму кватэры і налічэннем пенсіі. Паводле дадзеных следства, агульныя страты дзяржавы ад дзейнасці Луценка на гэтай пасадзе склалі каля 1 мільёна грыўняў ($125 тысяч).

У лютым 2012 года Луцэнка асудзілі да чатырох гадоў зняволення. Пры гэтым суд пастанавіў запатрабаваць з экс-міністра больш за 80 тысяч долараў.