Лазавік не хоча бачыць назіральнікаў АБСЕ на выбарах

І папрасіў запісаць яго ў апазіцыянеры.

11.07.2012 / 12:59

«Можаце мяне запісаць у апазіцыянеры, але я ўнутрана не згодны з запрашэннем місіі назіральнікаў ад АБСЕ», — заявіў сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік на прэс-канферэнцыі ў Мінску 11 ліпеня.

Ён заявіў, што «зняверыўся ў аб’ектыўнасці заключэнняў місіі АБСЕ».
«Прэзідэнцкія выбары 2010 года былі высока ацэненыя практычна ўсімі назіральнікамі. У папярэдняй справаздачы БДІПЧ АБСЕ нават было напісана, што працэс галасавання праходзіць добра. Але затым усе станоўчыя моманты былі выкінутыя, а пакінуты толькі негатыў. Еўрачыноўнікі сфальсіфікавалі вынікі назірання, замяніўшы іх палітызаванымі ацэнкамі. Яны ацэньвалі не вынікі выбараў, а далі палітычную ацэнку мерапрыемству «Плошча», — заявіў Лазавік.
У той жа час ён падкрэсліў, што будзе выконваць сваю работу па забеспячэнні зручнай працы назіральнікаў, у тым ліку ад АБСЕ. «Недахопу ў місіях не будзе», — запэўніў сакратар ЦВК.

Як паведамлялася, запрашэнні для ўдзелу ў назіранні за парламенцкімі выбарамі ў адрас Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Выканкама СНД МЗС Беларусі накіравала 6 ліпеня.