Мартынаў ляціць у Брусель

Кіраўнік МЗС Беларусі возьме ўдзел у нарадзе міністраў замежных спраў краін «Усходняга партнёрства»

23.07.2012 / 11:06

23 ліпеня ў Бруселі міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў возьме ўдзел у нарадзе міністраў замежных спраў краін — партнёраў «Усходняга партнёрства» (УП), кіраўніцтва Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўракамісіі.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце беларускага МЗС, удзельнікі сустрэчы абмяркуюць прамежкавыя вынікі працы УП, перспектывы яго развіцця на бліжэйшы год, а таксама прынятую Еўрасаюзам у маі 2012 года «дарожную карту» Усходняга партнёрства на 2012—2013 гады.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі выступіць з пазіцыяй Беларусі па пытаннях адносін з ЕС і павышэння эфектыўнасці УП, правядзе шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўніцтвам структур ЕС і кіраўнікамі дэлегацый краін — удзельніц нарады.