Лукашэнка: Беларусь гатова сама вырабляць касмічныя спадарожнікі

25.07.2012 / 10:11

Беларусь гатова сама вырабляць касмічныя спадарожнікі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня ў Мінску падчас рабочай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Мы запусцілі свой спадарожнік. Беларусь стала касмічнай дзяржавай, як мы калісьці і планавалі. Усё-такі космас — гэта найвышэйшыя тэхналогіі.

Мы стварылі і новае прадпрыемства, гатовы ўжо самі вырабляць спадарожнікі», — сказаў Лукашэнка.

Афіцыйны лідар дадаў, што ў касмічнай сферы Беларусі неабходна працаваць у цесным кантакце з Расіяй. «Мы з КНР вельмі інтэнсіўна супрацоўнічаць у гэтым плане», — адзначыў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што ад спадарожніка неабходна атрымаць максімальную выгаду. «Мы павінны, атрымаўшы прадукт, рэалізаваць яго на рынку для тых, хто зацікаўлены ў ім», — заявіў ён.

***

Як паведамлялася раней, 22 ліпеня 2012 года Беларусь, ажыццявіўшы паспяховы запуск і вывядзенне на працоўную арбіту Беларускага касмічнага апарата (БКА) дыстанцыйнага зандавання Зямлі, увайшла ў клуб касмічных дзяржаў. Запуск БКА ў блоку з чатырма касмічнымі апаратамі Расіі, Канады і Германіі быў ажыццёўлены з касмадрома Байканур у 9.41 па беларускім часе.

Кошт праекта па стварэнні і запуску беларускага спадарожніка складае прыблізна 16–17 млн. долараў. Сярод задач, якія будзе вырашаць БКА, — кантроль надзвычайных сітуацый, абнаўленне тапаграфічных карт, экалагічны маніторынг навакольнага асяроддзя.