Рачкоўскі і Пахмелкін у адстаўцы за плюшавы дэсант

Жадобіну, Зайцаву, Мальцаву — вымовы і папярэджанні.

31.07.2012 / 17:20

Страціў пасаду кіраўнік Памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі. Фота радыё «Свабода».

Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёрІгар Рачкоўскі і камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл генерал-маёрДзмітрый Пахмелкін вызваленыя ад займаных пасадаў за неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА у ягонай прэс-службе.

Ігар Рачкоўскі будзе залічаны ў распараджэнне Дзяржпагранкамітэта, Дзмітрый Пахмелкін — у распараджэнне міністра абароны.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасці папярэджаны міністр абароны генерал-лейтэнантЮрый Жадобін і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёрПятро Ціханоўскі.

Акрамя таго, абвешчаны вымовы дзяржаўнаму сакратару Рады Бяспекі Беларусі генерал-палкоўнікуЛеаніду Мальцаву і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі генерал-лейтэнантуВадзіму Зайцаву.

Цікава, што Пахмелкін прабыў на пасадзе кіраўніка ўсяго паўгода. Што датычыць Рачкоўскага, то ён быў камандзірам Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкаў у часе іх вайсковай службы. Гэта дало падставы гаварыць пра ягоную блізкасць да Віктара. У Рачкоўскага пяцёра дзяцей, ён лічыўся прыхільнікам мадэрнізацыі краіны.

Мікола Бугай