250 метраў — 250 жыццяў

Ізраільскі рэжысёр Дрор Шварц наведаў Навагрудак, каб зняць кіно пра выратаванне габрэяў з гета.

04.08.2012 / 10:41

250 метраў — 250 жыццяў. Менавіта столькі габрэяў уратавалася ў выніку ўцёкаў з навагрудскага гета. Тунэль у чвэрць кіламетра вязні выкапалі ў абсалютнай таямніцы ад нацыстаў, якія ахоўвалі лагер. У верасні 1943 года 250 вязняў збеглі ад немінучай смерці.

Ізраільскі рэжысёр Дрор Шварц у трэці раз наведаў Навагрудак, каб зняць вялікае дакументальнае кіно пра гісторыю выратавання габрэяў праз тунэль наваградскага гета.

— Я не выбіраў Беларусь. Ваша краіна мяне абрала, — смяецца Дрор Шварц. — Таму што гісторыя пра тунэль, які выратаваў столькі людзей, не магла застацца ў ценю, без памяці.

Вязні навагрудскага гета шылі форму для грамадзянскіх работнікаў нямецкай адміністрацыі і паралельна капалі тунэль, каб выратаваць сябе ад немінучага вынішчэння.

— Адзін з тых людзей, хто выратаваўся, аднойчы сустрэў мяне і распавёў гісторыю пра тунэль. Я проста не мог прайсці міма яе, — распавядае суразмоўца «Салідарнасці».

Па словах рэжысёра, нашчадкі выжылых уцекачоў іх гета зацікаўлены ў тым, каб гісторыя іх родных стала часткай дакументальнага фільма.

— Шмат у чым, таму я тут, — падкрэслівае Дрор Шварц. — Я досыць доўгі час цікаўлюся гісторыяй габрэяў: вучыўся, а затым выкладаў, у тым ліку і тэму Халакоста.

На думку рэжысёра, навагрудская гісторыя з тунэлем выбіваецца з агульнага шэрагу аналагічных.

— Калі я пачаў чытаць успаміны выжылых людзей, зразумеў, наколькі гэтая гісторыя вылучаецца з сотняў іншых апавяданняў аб тым, як людзі ўратаваліся ад смерці падчас вайны, — дзеліцца Дрор Шварц. — Прынята лічыць, што габрэі сустракалі смерць пакорліва, не спрабуючы выратавацца. Былі і іншыя спробы ўцячы з іншых гета, але гэтая гісторыя — прыклад таго, як людзям удалося не зламацца.

Будучы стваральнік фільма спадзяецца, што яго праца дапаможа ўсім, хто быў у гета і бег адтуль, іх сваякам. Гісторыя збіраецца з сотняў часам выпадковых дэталяў.

— Чым больш я даведваюся дэталяў гэтага ўцёкаў, тым больш разумею, што гэта адбылося невыпадкова, — упэўнены рэжысёр. — Пэўная частка паспяховых уцёкаў заключалася ў тым, што яшчэ да вайны адносіны паміж габрэямі і беларусамі ў Навагрудку былі вельмі добрымі.
Многія былі гатовыя дапамагчы габрэям, калі яны патрапілі ў гета. Не выключэннем былі і любоўныя гісторыі.

Калі вязні гета беглі з горада ў лес, сяляне дапамагалі ім дабрацца да партызанскіх атрадаў.

— Не ўсе гэтыя беларусы былі праведнікамі, але салідарнасць, напэўна, лунала ў паветры, — упэўнены Дрор Шварц. — Хтосьці дапамагаў габрэям з сімпатыі, хтосьці з міласэрнасці, таму што лічыў, што габрэі не заслугоўваюць такіх адносінаў.

Фільм, які здымае рэжысёр, прысвечаны не толькі габрэям, але і тым беларусам, якія дапамагалі ім выжыць падчас вайны.

Сям'я Казлоўскіх дапамагла многім габрэям ўцячы з гета і патрапіць да партызанаў, — распавядае суразмоўца. — Такіх міні-гісторый шмат.

Напрыклад, у другім Навагрудскім гета быў хлопец — ахоўнік, які быў закаханы ў габрэйскую дзяўчыну, і яго сям'я была з ёй знаёмая. Ён дапамагаў ім выжыць, хоць і рызыкаваў сваім жыццём.
Габрэі былі ў асноўным шаўцамі і краўцамі. Пасля пачатку акупацыі яны рабілі ў гета абутак, аддавалі яго ахоўнікам-беларусам. Тыя прадавалі і прыносілі ежу ў абмен на выгандлёваныя грошы.

Гэта ўжо трэці візіт рэжысёра ў Беларусь. Ён адзначае, што ўсе яго суразмоўцы праяўлялі жывую цікавасць, былі спачувальнымі, успрымальнымі і адчувалі тыя ж эмоцыі, што і іх продкі 69 гадоў таму.

— У жніўні, калі пачнуцца здымкі фільма, я хачу прывезці нашчадкаў тых, хто выжыў, каб яны зноў пачалі адкопваць гэты тунэль, — дзеліцца задумамі Дрор Шварц. — Уся гісторыя стварэння выратавальнага тунэлю і ўзаемаадносін паміж людзьмі будзе ў мяне перад вачыма. Я хачу зноў вырваць людзей з кантэксту сучаснасці і прыцягнуць іх да стварэння тунэлю, які ў далёкія 40-я стаў выратаваннем для сотняў.

Да здымак фільма рэжысёр спадзяецца прыцягнуць і нашчадкаў тых мясцовых жыхароў, якія былі ахоўнікамі ў гета. Фінальны этап рэстаўрацыі тунэлю — узвядзенне памятнага манумента.

Дрор Шварц — ізраільскі прадзюсар і рэжысёр-дакументаліст. У яго творчым багажы больш за сотню дакументальных фільмаў. Ён неаднаразова быў старшынёй ізраільскай гільдыі рэжысёраў гульнявых фільмаў і членам журы на міжнародных і ізраільскіх кінафестывалях.