Герасіменя вярнулася ў Мінск
07.08.2012 / 09:47
Двухразовы сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Лондане беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя прызналася, што спадзявалася на залатыя ўзнагароды на абедзвюх дыстанцыях.
«Я і там, і там імкнулася заняць першае месца, бо каму ж не хочацца мець алімпійскае „золата“. Але я рада свайму „серабру“, двайному „серабру“. У нашым відзе спорту вынік не можа быць неаб’ектыўным, ты дакрануўся да борта і імгненна бачыш вынік. Так што тут няма пра што разважаць», — зазначыла Герасіменя, якая вярнулася 6 жніўня ў Мінск.
Спартсменка выйграла «серабро» на дыстанцыі 50 і 100 метраў вольным стылем.
Паводле слоў плыўчыхі, якая з’яўляецца чэмпіёнкай свету, алімпійскія ўзнагароды нельга параўнаць з медалямі планетарных першынстваў.«Алімпіяду наогул ні з чым параўнаць нельга. Гэта абсалютна іншыя эмоцыі, іншыя нервы, перажыванні. Розныя спаборніцтвы па ўзроўні», — падкрэсліла Герасіменя.
Яна зазначыла, што ў беларускай алімпійскай дэлегацыі панавала напружанае становішча:«Я бачыла гэта па ўсіх. Нават у самой вёсцы становішча была больш напружанае, чым гэта было чатыры гады таму ў Пекіне. Усе нейкія былі заціснутыя. Адчувалася, што вельмі сур’ёзна ўсе настроены».
Разважаць на тэму, ці было гэта звязана з высокім медалёвым планам, пастаўленым спартыўным кіраўніцтвам краіны перад зборнай (25 медалёў), Герасіменя не стала.