«Ляпіс Трубяцкой» выступіў у падтрымку Дня салідарнасці пад бел-чырвона-белым сцягам

Міхалок: «Гангрэна таталітарызму зарадзілася ў нас, у Беларусі».

07.08.2012 / 11:37

Падчас выступу на міжнародным рок-фэсце Kubana (Краснадарскі край, Расія) гурт «Ляпіс Трубяцкой» падтрымаў Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, што адзначаўся 4 жніўня.

Сяргей Міхалок звярнуўся да публікі: «Давайце не забываць, што гангрэна таталітарызму, якая цяпер распаўзаецца па ўсім былым Савецкім Саюзе, зарадзілася ў нас, у Беларусі.

Тое, што зараз адбываецца ў Расіі, ва Украіне і гэтак далей, спачатку адбылося на нашай зямлі.
Таму давайце пакажам нашу падтрымку тым адважным хлопцам, якія не проста малоцяць языком, а робяць рэальнудю справу — змагаюцца за свабоду!
4 жніўня — дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Мы салідарныя!».

«Ляпіс Трубяцкой» з праграмай «Не быць скотам» быў адным з хэдлайнераў пяцідзённага фестывалю, на якім у гэтым годзе таксама выступілі The Offspring, Korn, Sum 41, Gogol Bordello, «Ленінград» і многія іншыя вядомыя артысты. Сусветная прэм’ера новай канцэртнай праграмы «Рабкор Live» адбудзецца 29 жніўня ў Крыме, у рамках нулявога дня фестывалю «Джаз Кактэбель».