Пачаўся збор подпісаў за вызваленне Сурапіна і Башарымава

14.08.2012 / 14:57

Зачынены ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна» і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ініцыявалі кампанію наконт змены меры стрымання для журналіста Антона Сурапіна, які з 13 ліпеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Праваабаронцы таксама хадайнічаюць аб змене меры стрымання ў дачыненьні да рыэлтара Сяргея Башарымава,
якому разам з Сурапіным прад’яўлена абвінавачванне ў спрыянні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 371 КК), і вызваленні іх абодвух з-пад варты пад асабістае паручальніцтва.

Паводле Крымінальнага кодэкса Беларусі, паручальніцтва за зняволенага могуць даць два ці болей раней не судзімых грамадзян краіны, якія «заслугоўваюць даверу». У сувязі з гэтым праваабаронцы прапануюць ўсім неабыякавым грамадзянам таксама падпісаць адпаведныя паручальніцтва, узоры якіх змешчаныя на нашым сайце і накіраваць іх на адрас: КДБ Беларусі (г. Мінск, пр. Незалежнасці 17).

Нагадаем, 6 ліпеня 2012 года быў затрыманы і ўзяты пад варту ў СІЗА КДБ Сяргей Башарымаў, а 13 ліпеня 2012 года — фатограф Антон Сурапін. 16 і 23 ліпеня адпаведна, ім было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь». Такім чынам КДБ Беларусі расцаніла размяшчэнне Антонам Сурапіным фотаздымкаў меркаванага палёту шведскага самалёта ў беларускай паветранай прасторы. Яшчэ больш абсурднымі выглядаюць абвінавачванні Сяргея Башарымава, які здаваў у арэнду кватэру грамадзянам Швецыі, у спрыянні пераходу дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

Правабаронцы і журналісты расцэньваюць затрыманне і ўзяццё пад варту грамадзянаў Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава як эскалацыю страху ў грамадстве і спробу перакласці адказнасць за неналежную ахову дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы краіны на звычайных грамадзянаў.

Узяць арыгіналы паручальніцтваў можна тут