Намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама страціў зямлю і пасаду

Крымінальная справа.

16.08.2012 / 09:24

Упраўленнем Следчага камітэта па Гомельскай вобласці распачатая крымінальная справа ў дачыненні да цяпер ужо былога першага намесніка старшыні Рэчыцкага райвыканкама Мікалая Калеснікава.

Падставай для завядзення крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага ідэолага Рэчыцкага раёна стала скандальная гісторыя з вылучэннем яму зямельнага ўчастка для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Паводле матэрыялаў Упраўлення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю УУС Гомельскага аблвыканкама, у лістападзе 2010 года Мікалай Калеснікаў нібыта даў незаконнае ўказанне падначаленым супрацоўнікам аб падрыхтоўцы, узгадненні і падпісанні праекта рашэння выканкама, на падставе якога яму незаконна быў аддадзены зямельны ўчастак для будаўніцтва жылога дома ў Рэчыцы.

Гэтымі дзеяннямі чыноўніка, на думку следства, была нанесеная істотная шкода дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.

Справы з зямлёй усплылі яшчэ ў канцы 2011 года, пасля чаго пра сітуацыю паведамілі наверх і атрымалі адпаведны дазвол на далейшую працу праваахоўных органаў. Ад пасады Мікалая Калеснікава тут жа вызвалілі, а рашэнне выканкама аб выдзяленні яму зямлі адмянілі.

Праз некалькі месяцаў прыйшоў час і прававой ацэнкі дзеянняў чыноўніка. Першапачаткова меркавалася, што Мікалаю Калеснікаву будзе інкрымінаванае злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Але ў працэсе праверкі высветлілася, што да размеркавання зямельных надзелаў ён не меў ніякага дачынення і значыць, не мог злоўжываць сваёй уладай. У выніку яму інкрымінавалі здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэкса Беларусі (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, здзейсненае асобай, якая займае адказнае становішча). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.