ТБМ просіць Нацбанк выпусціць манету да 200-годдзя Паўлюка Багрыма

«Выпуск памятнай манеты ў гонар Паўлюка Багрыма мог бы стацца годным ушанаваннем памяці нашага славутага земляка ў год яго юбілею».

16.08.2012 / 09:47

У лісце на імя старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзеі Ермаковай старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца аргументаваў свой зварот. Сёлета, 2 лістапада, спаўняецца 200 гадоў ад Народзінаў вядомага беларускага паэта і каваля Паўлюка Багрыма, што нарадзіўся ў вёсцы Крашын пад Баранавічамі.

У гонар таленавітага земляка на яго малой радзіме названы музей мастацтваў і рамёстваў, а ў Баранавічах імя Паўлюка Багрыма мае вуліца ў новым мікрараёне «Бараўкі».

Як пракаментаваў Intex-press Віктар Сырыца, выпуск Нацыянальным банкам памятнай манеты ў гонар Паўлюка Багрыма мог бы стацца годным ушанаваннем памяці нашага славутага земляка ў год яго юбілею.

З аналагічным зваротам — выпусціць памятную паштоўку або канверт у гонар 200-годдзя Паўлюка Багрыма — Віктар Сырыца звярнуўся таксама да міністра сувязі і інфармацыі Мікалая Панцялея.