Скандал у кітайскай Кампартыі — жонку сябра палітбюро асудзілі за забойства

Працэс Гу Кайлай параўноўваюць з працэсам «Банды чатырох».

20.08.2012 / 09:51

Брытанскага бізнэсоўца атруцілі, а афіцыйна было абвешчана, што ён «памёр ад сардэчнага прыступу».

Паказальны суд прайшоў у правінцыйным горадзе, дзе раней працаваў старшыня Вярхоўнага Суда Кітая.

Гу Кайлай была амбітнай жонкай не менш амбітнага партыйнага бонзы Бо Сілая.

Паводле версіі абароны, брытанец шантажаваў Гу Кайлай жыццём сына, які вучыцца на Захадзе.

У панядзелак 20 жніўня жонку былога члена палітбюро Кампартыі Кітая Бо Сілая прысудзілі да смяротнага пакарання з адтэрміноўкай за забойства брытанскага бізнэсоўца.

Бізнэсовец, які аддаўна рабіў гешэфты з сям’ёй Бо, патрабаваў 15 мільёнаў даляраў кампенсацыі за правалены праект у сферы нерухомасці. Тады Гу Кайлай з памочнікам проста атруціла брытанца.

Калі б гаворка ішла пра ўнутрыкітайскія разборкі, справу, магчыма, проста не заўважылі. Як абвесцілі спачатку, брытнец Ніл Гейвуд проста «памёр ад сардэчнага прыступу». Але

факт смерці іншаземца выклікаў увагу. А тады ўмяшаліся магутныя ворагі Бо Сілая ў барацьбе за ўплыў у Кампартыі.
Бо Сілай мерыўся стаць наступным кіраўніком партыі. Лідар-папуліст, ён заслужыў папулярнасць кампаніяй па адраджэнні спадчыны Мао і масавым выкананнем старых камуністычных і вайсковых песень. Пры гэтым, як відна, маючы асабістае багацце на мільярды даляраў.
Начальнік паліцыі горада, які ўзначальваў Бо Сілай, аказаўся між двух агнёў. Каб уратаваць уласнае жыццё, ён… уцёк у мясцовае консульства ЗША.
Такой ганьбы камуністычная вярхоўка вынесці не змагла. Бо Сілая знялі з усіх пасад. Гу Кайлай пасадзілі.
Яе прысуд азначае, што яе пакінуць у жывых, але яна будзе жывой мёртвай — яна праседзіць у турме да канца жыцця.
Рыхтык як у свой час удава Мао ў выніку шумнага «Працэсу чатырох». Як і тады, ліберальная частка істэблішменту скарыстала сітуацыю, каб нанесці ўдар па сталіністах-маоістах і сілавіках унутры кіраўніцтва.
Як змякчаючую абставіну суд трактаваў той факт, што, нібыта, Гейвуд шантажаваў Гу Кайлай жыццём яе сына.
А той сын вучыцца ў Гарвардзе. А да таго скончыў прэстыжную англійскую прыватную школу. Знаёмцы брытанца называюць такую версію непраўдападобнай. Гейвуд аддаўна апекаваўся хлопчыкам. А ў дадзенай сітуацыі з ім проста не хацелі падзяліцца прыбыткамі і ён пагражаў публічнасцю.

Саўдзельнік жонкі Бо Сілая атрымаў дзевяць гадоў турмы.

Колькасць мільянераў у камуністычным Кітаі хутка абгоніць гэтую лічбу ў ЗША.
У краіне назапашваюцца супярэчнасці, уласцівыя капіталістычнаму грамадству. Пры гэтым дэмакратычных механізмаў іх вырашэння не існуе. Эксперты кажуць, што гэта і ёсць міна запаволенага дзеяння пад кітайскую мадэль.

Мікола Бугай