«19 сакавіка будзе сьвятам яднаньня»
Напярэдадні выбараў кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч выступіў з зваротам да выбарцаў.
Напярэдадні выбараў кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч выступіў з зваротам да выбарцаў.
16.03.2006 / 15:40
У ім, у прыватнасьці, гаворыцца: «Я зьвяртаюся да вас, грамадзяне Беларусі, як роўны да роўнага – памятаеце, што званьне Грамадзяніна вышэй за званьне Прэзыдэнта. Памятайце, што прэзыдэнты прыходзяць і сыходзяць, а Народ Рэспублікі Беларусі застаецца галоўнай крыніцай улады і яе судзьдзём. Толькі мы можам вярнуць сабе Годнасьць Грамадзяніна, перад якім адказны любы прэзыдэнт».
А.Мілінкевіч заклікаў супрацоўнікаў сілавых структураў не забывацца, што яны абараняюць «не аднаго грамадзяніна, а ўсіх грамадзянаў сваёй Айчыны», а выканаўчую ўладу – не аддаваць злачынных распараджэньняў. «Гэтым самым вы вызваліце і сябе ад той дыктатуры, ад якой самі стаміліся».
Ён засьцярог грамадзянаў ад удзелу ў датэрміновым галасаваньні.
«Мы сустрэнемся з вамі разам 19 сакавіка а 20-й на Кастрычніцкай плошчы ў г. Менску, каб адсьвяткаваць дзень выбараў, – так сканчаецца зварот. – Гэта будзе наша супольнае Сьвята Перамогі над страхам, варажнечай. Гэта будзе наша сьвята яднаньня народу Беларусі. Абдымемся, як сябры, падамо адзін адному рукі, скажам: «Здарова, Вясна, Свабода, Праўда, Справядлівасьць».