Сілавікі чакаюць масавага выхаду
людзей на плошчу 19 сакавіка. Магчыма, улады рыхтуюць блякаду сталіцы.
людзей на плошчу 19 сакавіка. Магчыма, улады рыхтуюць блякаду сталіцы.
16.03.2006 / 15:41
Квіткі на цягнікі й аўтобусы з рэгіёнаў у Менск на 19 сакавіка не прадаюць – паведамляюць чытачы «НН» з розных рэгіёнаў краіны. Гэта можа быць загад, а можа быць вынік таго, што ўсе білеты раскупленыя.
А што будзе ў сталіцы? Доступ на Кастрычніцкі пляц можа быць перакрыты трыма кардонамі ўнутраных войскаў.
Пяць гадоў таму ў дачыненьні да шараговых актывістаў і журналістаў не было заведзена ніводнай крымінальнай справы. Доступ на Кастрычніцкі пляц быў свабодным, а Палац культуры прафсаюзаў фактычна належаў апазыцыйнаму кандыдату.
Сёлета па-іншаму. Узбуджана (па стане на аўторак) 16 крымінальных справаў, лік прэвэнтыўна затрыманых на 7–15 сутак набліжаецца да сотні. У рамках кампаніі запалохваньня была «выкрытая» «змова «Партнэрства».
Якім будзе супрацьдзеяньне маніфэстантам у сталіцы, улады, вядома, трымаюць у сакрэце. Нам стаў вядомы адзін з плянаў: доступ на Кастрычніцкі пляц будуць перакрываць ажно тры кардоны. Унутраны – сам пляц, Адміністрацыя прэзыдэнта, Палац Рэспублікі. Другі «фронт» – ГУМ, плошча Свабоды, Цырк, скрыжаваньне Энгельса/Кірава. І, нарэшце, вонкавы «шчыт»: з поўдня – перад мостам ад вул. Маскоўскай да пл.Незалежнасьці, ад поўначы – плошча Якуба Коласа, з захаду – Юбілейны пляц (мэтро «Фрунзэнская»), на ўсходзе – вул. Ульянаўская (ля к/з «Менск»).
Пра настроі ў сілавых структурах даставернай інфармацыі няма.
Многія студэнцкія ін- тэрнаты ў Менску ў чацьвер-пятніцу зачыняюцца на дэзынсэкцыю і дэраты-зацыю.
Чакаецца, што 19 сакавіка будуць заблякаваныя апазыцыйныя інтэрнэт-рэсурсы і ўзьнікнуць праблемы з мабільнай сувязьзю.
Чаго баіцца ўлада ва ўмовах, калі палова лідэраў апазыцыі прэвэнтыўна арыштаваная? Магчыма, яна валодае зьвесткамі пра радыкалізацыю апазыцыйна настроеных грамадзянаў. Гэта, зрэшты, заўважна і па масавасьці несанкцыянаваных сустрэчаў зь Мілінкевічам.
18 сакавіка А.Лукашэнка плянуе зьвярнуцца да выбаршчыкаў. А пасьля будзе 19 сакавіка. Дзень, у які ўлада вырашыла зрабіць стаўку на сілу, апазыцыя – на грамадзянскую сьвядомасьць.