New York Times прадае партал About.com за $300 млн выдаўцу Newsweek

Газета The New York Times дамовілася пра продаж партала About.com за $300 млн, паведаміў сайт выдання ўвечары ў нядзелю.

27.08.2012 / 15:21

Пакупніком выступіла карпарацыя IAC/Interactive, якая належыць медыямагнату Бары Дылеру. Ён жа выдае часопіс Newsweek у рамках медыякампаніі Newsweek/The Daily Beast.

The New York Times набыла About.com за $400 млн у 2005 годзе і была задаволеная гэтым актывам, пакуль Google не памяняў пошукавы алгарытм, у выніку чаго наведвальнасць About.com рэзка знізілася, а разам з ёй упалі і даходы ад рэкламы.

The New York Times цягам апошніх гадоў пазбаўлялася няпрофільных актываў: рэгіянальных тэлекампаній, долі ў прафесійным бейсбольным клубе і іншых. Газета, што сутыкнулася з падзеннем тыражу і міграцыяй чытачоў у інтэрнэт, таксама была вымушаная звальняць дзясяткі супрацоўнікаў, каб скараціць страты.