Макей бярэ ўдзел у саміце Руху недалучэння ў Тэгеране

30.08.2012 / 10:27

Беларуская дэлегацыя бярэ ўдзел у саміце Руху недалучэння ў Тэгеране (Іран). Узначальвае дэлегацыю новы міністр замежных спраў Уладзімір Макей, прызначаны на гэтую пасаду 20 жніўня.

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС Беларусі, асноўная частка XVI саміту дзяржаў — удзельніц Руху недалучэння пройдзе 30–31 жніўня. Галоўнай мэтай мерапрыемства стане абмеркаванне найбольш актуальных міжнародных праблем і прыняцце выніковага дакумента форуму. «У праект выніковага дакумента сустрэчы плануецца ўключэнне шэрагу прапаноў Беларусі, што грунтуюцца на прыярытэтных задачах беларускай дэлегацыі ў ААН (аб прызнанні разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця, аб стварэнні глабальных партнёрстваў, аб умацаванні ўзаемадзеяння РН з сусветнымі цэнтрамі сілы, аб барацьбе з гандлем людзьмі, аб ініцыятыве пра моладзь, аб краінах з сярэднім узроўнем даходу, аб стварэнні глабальнага механізма перадачы тэхналогій новых і ўзнаўляных крыніц энергіі)», — паведамілі ў МЗС.

Макей выступіць на пленарным пасяджэнні саміту і правядзе сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу дэлегацый «у мэтах абмеркавання актуальных для Беларусі пытанняў двухбаковых адносін».

На папярэднім саміце Руху недалучэння, які праходзіў у ліпені 2009 года ў Егіпце, ад Беларусі таксама ўдзельнічаў міністр замежных спраў — Сяргей Мартынаў.

На цяперашні саміт прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад запрашаў прыехаць Аляксандра Лукашэнку.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўдзельнічаў у працы Гаванскага саміту Руху недалучэння ў верасні 2006 года. Тады ён заклікаў недалучаныя краіны ўзмацніць эканамічны і палітычны складальнікі руху, перабудаваць яго арганізацыйную структуру з улікам прынцыпаў ААН і выпрацаваць выразную праграму дзеянняў па фарміраванні шматпалярнага свету.

***