У Брэсцкай вобласці на павышэнне заробку не хапае 600 млрд. рублёў

«У абласцях грошай няма».

06.09.2012 / 09:45

«600 млрд. рублёў не хапае ў Брэсцкай вобласці на заробкі ў сувязі з павышэннем», — такую ​​заяву зрабіў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Хевук 5 верасня ў Мінску на сумесным пасяджэнні калегіі Міністэрства спорту і турызму і выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Паводле яго слоў, лічба была агучана на апошняй нарадзе ў старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара.

Інфармацыя пра дэфіцыт сродкаў на заробкі прагучала ў кантэксце фінансавання спартовай галіны ў рэгіёнах.

«У абласцях грошай няма», — сказаў Хевук.

Варта адзначыць, што гэты чыноўнік знаходзіцца ў доўгім спісе тых, каго па выніках пасяджэння калегіі Мінспорту і выканкама НАКа, падводзячы вынікі выступлення на Алімпіядзе ў Лондане, рэкамендавана вызваліць ад займанай пасады (усяго больш за 50 чалавек).