У Гомелі начальнік участка забыў, што прыгон адмянілі ў 1861 г.

06.09.2012 / 12:32

У дачыненні да былога начальніка ўчастка аднаго з мантажных упраўленняў ААТ «Гомельтэхмантаж», які чатыры гады выкарыстоўваў працу падначаленых у асабістых мэтах, пракуратурай Гомельскай вобласці распачата справа на падставе ч. 2 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі).

Прычынай для распачынання справы паслужылі матэрыялы, атрыманыя супрацоўнікамі ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне і спыненне злачыннай карупцыйнай накіраванасці.

Як паведамілі ў прэс-групе Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, ён падазраецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, у выніку чаго мелі месца нанясенне ўрону маёмасці дзяржаўнага прадпрыемства ў буйным памеры.

Устаноўлена, што былы начальнік участка з кастрычніка 2005 года па красавік 2009 года неаднаразова выкарыстоўваў працу падначаленых яму работнікаў у асабістых мэтах, прыцягваючы іх у працоўны час да будаўнічых і рамонтна-гаспадарчых работ на аб’ектах нерухомасці,
якая належала яму на праве прыватнай уласнасці. Заработную плату за адпрацаваны час на дачным участку або ў асабістым гаражы начальніка ўчастка работнікі атрымлівалі за кошт сродкаў прадпрыемства.

Для далейшага расследавання крымінальная справа перададзена ў Следчае ўпраўленне УСК па Гомельскай вобласці.

Апрача таго, судом Цэнтральнага раёна горада Гомеля разглядаецца крымінальная справа, фігурантам якой таксама з’яўляецца згаданая службовая асоба. Пры гэтым былы начальнік участка абвінавачваецца ва ўчыненні аналагічнага злачынства.