Віктару Ганчару сёння споўнілася б 55 гадоў

Яго выкралі 16 верасня 1999 г.

07.09.2012 / 10:28

Ганчар нарадзіўся 7 верасня 1957 года ў в. Радзічава на Случчыне. Юрыст паводле адукацыі, ён ад 1990 года быў дэпутатам беларускага парламента. У 1994-м уваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, быў віцэ-прэм’ерам,

але пасля сышоў у апазіцыю. Быў прызначаны кіраўніком Цэнтрвыбаркама, адмовіўся прызнаваць рэферэндум 1996 г.

Увечары 16 верасня 1999 года Віктар Ганчар і яго сябар бізнэсмен Анатоль Красоўскі былі ў лазні, што па вуліцы Фабрычнай, 20 у Мінску. Каля 22.30 яны выйшлі з лазні, селі ў аўто Красоўскага… Пасля гэтага ні іх, ні іх «Джып-Чэрокі» не бачылі.

Як паведамляла пракуратура, што пачала крымінальную справу па факце знікнення В. Ганчара і А. Красоўскага, непадалёк былі знойдзеныя аскалепкі пласмасавых фараў, сляды тармажэння і ўдару аўто аб дрэва, а таксама сляды крыві. Беларуская і міжнародная грамадскасць лічыць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазрае ў датычнасці да іх выкрадання вышэйшых службовых асобаў Беларусі.

У Беларусі было яшчэ некалькі таямнічых знікненняў і смерцяў палітыкаў.

7 мая 1999 года на шляху ад аўтастаянкі да сваёй кватэры знік былы міністр унутраных спраў генерал Юры Захаранка.

7 ліпеня 2000 года па дарозе ў мінскі аэрапорт знік тэлеаператар Зміцер Завадскі.

6 красавіка 1999 года раптоўна памёр былы спікер Вярхоўнага Савета Генадзь Карпенка.

16 верасня 1999 года Віктар Ганчар знік у Мінску. Ад таго часу пра яго лёс нічога невядома. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, палітык стаў ахвярай «эскадрона смерці».