Тэма Беларусі прагучала на Эканамічным форуме ў Крыніцы

07.09.2012 / 10:39

XXII Эканамічны форум у Крыніцы (Польшча), які называюць «усходнім Давосам», 4–6 верасня сабраў 2,5 тысячы ўдзельнікаў, у тым ліку кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, міністраў, старшыняў цэнтральных банкаў, біржаў, урадавых агенцтваў, бізнэсоўцаў з Еўропы, Азіі і ЗША. Мэты Форуму — стварэнне спрыяльнай атмасферы для развіцця эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва паміж краінамі Еўрапейскага саюза і яго суседзямі, абмеркаванне найбольш вострых на сённяшні дзень пытанняў (эканамічны крызіс у Еўропе, адыход ад прынцыпаў дэмакратыі ў шэрагу краін, рэвалюцыі ў Паўночнай Афрыцы і механізмы супрацоўніцтва з такімі рэгіёнамі).

Ва ўрачыстым адкрыцці ўзялі ўдзел прэзідэнты Польшчы і Харватыі — Браніслаў Камароўскі і Іва Ёсіпавіч. Ганаровым госцем сустрэчы ў Крыніцы стаў былы прэзідэнт Польшчы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лех Валенса. Сёлета форум праходзіў пад лозунгам «Новыя ідэі на цяжкія часы. Еўропа і свет ў святле крызісу».

На адной з панэляў Форуму пад назвай «Незалежныя медыі ў аўтарытарных грамадствах: раскоша ці неабходнасць» выступіла галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.

У форуме ад Беларусі ўзялі ўдзел таксама кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін, заснавальнік TUT.by Юрый Зісер і прадстаўнікі малога бізнэсу.