Дзяўчынка, абвінавачаная ў апаганьванні Карана, вызвалена

07.09.2012 / 11:19

Суд Пакістана выпусціў пад заклад дзяўчынку-хрысціянку, абвіначаную ў блюзнерстве за тое, што яна нібыта спаліла некалькі старонак з Карана.

Рымша Масіх была арыштаваная ў прыгарадзе Ісламабада 16 жніўня: мясцовыя жыхары сцвярджалі, што яна несла мех са смеццем, у якім былі старонкі са святой для мусульман кнігі.

Адвакаты дзяўчыны заяўлялі, што гэтыя абвінавачванні не маюць пад сабой падставаў. Многія міжнародныя праваабаронцы выступілі ў падтрымку арыштаванай, якая, як вынікае з заключэння медыцынскай экспертызы, адстае ў разумовым развіцці.

Гісторыя атрымала новы паварот: знайшоўся сведка, які бачыў, як мясцовы імам падкінуў у сумку дзяўчыны абрыўкі згарэлага Карана. Паліцыя арыштавала святара.