Пад Брэстам цягнік урэзаўся ў «Ніву» — машыну разарвала на дзве часткі

Наступствы для пасажыраў машыны вельмі цяжкія.

07.09.2012 / 15:11

Сёння раніцай каля вёскі Збірагі (Брэсцкі раён) на шляху хуткаснага цягніка, які рухаўся па маршруце Санкт-Пецярбург — Брэст апынулася «Ніва», у якой ехалі тры чалавекі. Наступствы аварыі вельмі цяжкія.

Выпадак здарыўся раніцай пятніцы ў 8:10, на чыгуначным пераездзе.

Кіроўца «Нівы» стаў перасякаць чыгуначныя шляхі, праігнараваўшы светлавыя і гукавыя сігналы.
Удар прыйшоўся на правы бок кузава аўтамабіля. Машыну разарвала на дзве часткі.
Адна з пасажырак, якая сядзела на заднім сядзенні, загінула на месцы. Другая была дастаўлена ў абласную бальніцу ў цяжкім стане.
Цяпер лекары-рэаніматолагі змагаюцца за яе жыццё. Кіроўца таксама пацярпеў — ён знаходзіцца ў траўматычным аддзяленні медустановы з пераломамі.

«Ніва» належыць адной з мясцовых фермерскіх гаспадарак.