Ці варта апазыцыі выступаць у дзяржаўных СМІ?
Віктар Карняенка, Юры Хадыка ды іншыя дзеячы апазыцыі ўзялі ўдзел у ток-шоў «Выбар» на АНТ. Яго паказвалі ў запісе. Зь дзьвюх з паловаў гадзінаў запісу паўтары гадзіны было выразана. У выніку праграма прадказальна ператварылася ў рэкляму А.Лукашэнкі, істотныя выказваньні з крытыкай рэжыму зьніклі, засталіся вырваныя з кантэксту ўрыўкі. Да таго ж, адбылося нібыта «рэйтынгавае галасаваньне» гледачоў, па выніках якога гарант канстытуцыі набраў свае паложаныя 78%. Аўдыторыю моцна пацешыла, што першую тысячу галасоў за Лукашэнку машына налічыла тады, калі яшчэ не былі абвешчаныя нумары тэлефонаў...
16.03.2006 / 15:54
Віктар Карняенка, Юры Хадыка ды іншыя дзеячы апазыцыі ўзялі ўдзел у ток-шоў «Выбар» на АНТ. Яго паказвалі ў запісе. Зь дзьвюх з паловаў гадзінаў запісу паўтары гадзіны было выразана. У выніку праграма прадказальна ператварылася ў рэкляму А.Лукашэнкі, істотныя выказваньні з крытыкай рэжыму зьніклі, засталіся вырваныя з кантэксту ўрыўкі. Да таго ж, адбылося нібыта «рэйтынгавае галасаваньне» гледачоў, па выніках якога гарант канстытуцыі набраў свае паложаныя 78%. Аўдыторыю моцна пацешыла, што першую тысячу галасоў за Лукашэнку машына налічыла тады, калі яшчэ не былі абвешчаныя нумары тэлефонаў...
Чаму дысыдэнты пагаджаюцца ўдзельнічаць у такіх перадачах? Лічыцца, што трэба выкарыстоўваць кожную магчымасьць выступаць перад людзьмі, нават калі ад тваіх словаў пакідаюць толькі найменш удалыя.
Існуе і іншы падыход. Многія вядомыя інтэлектуалы — Уладзімер Арлоў, Валер Булгакаў ды іншыя — прынцыпова адмаўляюцца ад прапановаў лукашэнкаўскіх СМІ.
Каторы з гэтых падыходаў больш карысны для Беларусі? Адказваюць вядомыя людзі і падпісчыкі «НН».
Віктар Карняенка, намесьнік старшыні штабу А.Мілінкевіча па арганізацыйна-масавай працы:
Наш удзел у праграме «Выбар» быў прадыктаваны рашэньнем штабу. Мая ж уласная пазыцыя — толькі жывы этэр. Гэта значна звужае магчымасьці аўтараў такога кшталту перадачаў для маніпуляцыў. Усе астатнія кантакты пазбаўленыя сэнсу праз адсутнасьць сумленьня ў дзяржаўных журналістаў.
Яраслаў Раманчук, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
Безумоўна, ёсьць дылема: працаваць ці не працаваць зь дзяржаўнымі СМІ ва ўмовах, калі канчатковы прадукт залежыць ад аўтараў гэтых перадачаў. Аднак пакуль працягваецца перадвыбарчы пэрыяд і мы маем хоць нейкі доступ да людзей, трэба гэтым карыстацца. Па выбарах можа ня быць і гэтага. Перад апазыцыяй стаіць задача выпрацаваць стратэгію паводзінаў у дачыненьні да дзяржаўнага тэлебачаньня — трэба патрабаваць такіх умоваў, каб не было магчымасьцяў мантажаваць і цэнзураваць нашыя выступленьні. Напрыклад, патрабаваць толькі жывы этэр. Альбо часава абмяжоўваць працягласьць праграмаў.
Андрэй Казакевіч, палітоляг:
Трэба карыстацца любой нагодай, каб данесьці да выбаршчыкаў альтэрнатыўную інфармацыю. Але пры гэтым трэба дакладна пралічваць наступствы і эфэктыўнасьць кантактаў зь дзяржаўнымі СМІ. Калі шкода ад выступленьня на тэлебачаньні ці ў прэсе перавышае ўсю карысьць, то ад такіх выступленьняў трэба адмаўляцца. Маніпуляцыі магчымыя ня толькі з запісаным матэрыялам, але і ў жывым этэры.
Уладзімер Мацкевіч, палітоляг, былы вядучы ток-шоў «Выбар»:
СМІ для таго і існуюць, каб іх выкарыстоўваць. І рабіць гэта неабходна, не зьвяртаючы ўвагі на складанасьці. Іншая рэч, што рабіць гэта трэба ўмела. Перш чым прыняць удзел у той ці іншай праграме, трэба выпрацаваць нейкую тактыку паводзінаў, адзінства дзеяньняў. У той праграме ўдзельнічалі палітыкі, якія ня лічаць патрэбным карыстацца нечымі парадамі і кансультацыямі, а такая самадастатковасьць не на руку, калі ты ідзеш запісвацца ў ток-шоў на дзяржаўным тэлеканале. Ад сябе магу прапанаваць жадаючым трэнінгі.
Адам Глёбус, пісьменьнік:
Неяк Гогаль сказаў: «Добры пісьменьнік знойдзе, як падмануць цэнзуру». Тое ж можна сказаць і пра палітыка. Палітык — чалавек, які ня можа быць абмежаваны толькі ўласнымі поглядамі, ён публічная асоба і мусіць даносіць свае ідэі да людзей. А для гэтага трэба выкарыстоўваць усе трыбуны. Толькі для гэтага трэба сур’ёзна рыхтавацца. Канфлікты паміж палітыкамі і СМІ — гэта ня толькі спэцыфіка Беларусі. Вазьміце хоць бы Італію: Бэрлюсконі, даведзены журналістамі да адчаю, зьбег пасярод праграмы.
Генадзь Бураўкін, былы кіраўнік Белдзяржтэлекампаніі:
Безумоўна, калі ёсьць цьвёрдая гарантыя таго, што думкі дэмакратычных палітыкаў дойдуць да людзей праз СМІ без істотных скарачэньняў і скажэньняў, то ўдзел у такіх праграмах мае сэнс. Аднак практыка паказвае, што дзяржаўнае тэлебачаньне знаходзіцца па-за межамі прыстойнасьці і прафэсыяналізму. Падчас таго ж «Выбару»: палахліва-нахабны Хрусталёў, Ярмошына, Абрамава зь яе пустым і зацягнутым выступам, і ніякіх магчымасьцяў для дэмакратычных палітыкаў адэкватна адказаць. Ім нават як сьлед дагаварыць не давалі. Таму, ня маючы ўпэўненасьці ў канчатковым выніку, ні ў якім разе нельга сябе падстаўляць удзелам у дзяржаўных ток-шоў.
Адам Шпакоўскі, кандыдат фізыка-матэматычных навук:
Трэба. Нават калі існуе пагроза цэнзуры, бо людзі такім чынам маюць магчымасьць убачыць сьвежыя твары на экране. А так толькі і чуеш пытаньні: «А хто, калі ня ён?»
Мікалай Юхнэль, беспрацоўны:
Я не гляджу БТ…