Мінчанін атрымаў 15 сутак за жорсткае забойства сабакі

13.09.2012 / 09:29

20-гадовы мінчанін за жорсткае забойства дабермана, узятага з прытулку грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Эгіда», прыгавораны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Такое рашэнне вынес 12 верасня суд Мінскага раёна, паведаміластаршыня ГААЖ «Эгіда» Наталля Бялянава.

Нагадаем, вясной малады чалавек забраў дадому сабаку з прытулку «Эгіды», аднак даглядаць яго ленаваўся. Паводле слоў відавочцаў, у ноч з 15 на 16 мая ў адказ на чарговае патрабаванне бацькі і мачахі вывесці дабермана ён забраў жывёлу, а затым прынёс дамашнім яго скрываўленую галаву. Пасля высветлілася, што забойца дабермана ўжо двойчы быў судзімы.

Жорсткае забойства сабакі выклікала шырокі грамадскі рэзананс, аднак разгляд справы ў сілу розных акалічнасцяў неаднаразова адкладаўся.

Як паведаміла Бялянава, першапачаткова дата суда была прызначана на 31 жніўня. Аднак малады чалавек хаваўся, і прывесці ў суд яго не ўдалося. На сённяшняе пасяджэнне забойцу дабермана даставілі супрацоўнікі Заводскога РУУС. Напярэдадні малады чалавек паспрабаваў уладкавацца на працу, дзе, дзякуючы шырокаму асвятленню справы ў СМІ, яго пазналі і паведамілі пра яго месцазнаходжанне ў праваахоўныя органы.

15 сутак адміністрацыйнага арышту былі прызначаны забойцу сабакі па хадайніцтве ГААЖ «Эгіда»: На сёння гэта самае сур’ёзнае пакаранне за такія злачынствы, прадугледжанае заканадаўствам.
Артыкулам 15.45 КоАП (жорсткае абыходжанне з жывёламі) прадугледжана альтэрнатыўнае пакаранне ў выглядзе штрафу, аднак у ГААЖ «Эгіда» лічаць, што за забойства жывой істоты недастаткова грашовай кампенсацыі.

«Пакаранне ў 15 сутак адміністрацыйнага арышту таксама неадэкватнае ўчыненаму — жорсткаму і разважліваму забойству», — заявіла Бялянава. Яна падкрэсліла, што ГААЖ «Эгіда» выступае за тое, каб у Беларусі была прадугледжана крымінальная адказнасць для тых, хто забівае жывёл з асаблівай жорсткасцю.

Разам з тым, спадзяецца Бялянава, ужо той факт, што справа дайшла да суда і выклікала шырокі грамадскі рэзананс, дазволіць прадухіліць такія выпадкі ў будучыні.