Лакаўту ў НХЛ не пазбегнуць

13.09.2012 / 10:02

Прафсаюз гульцоў і Нацыянальная хакейная ліга не змаглі дасягнуць пагаднення па новай калектыўнай дамове.

На апошняй сустрэчы паміж камісарам НХЛ Гэры Бетмэнам і кіраўніком прафсаюза гульцоў Дональдам Ферам бакі не змаглі дасягнуць пагаднення аб прадаўжэнні калектыўнай дамовы, паведамляе Reuters. Верагодна, пра лакаўт будзе абвешчана ў суботу, паколькі дзеючае пагадненне паміж НХЛ і прафсаюзам гульцоў доўжыцца да 15 верасня.

«З кожным днём перамоваў мы робім усё больш шкоды як гульні, так і бізнесу», — сказаў Бетмэн.

«Мы спадзяемся на тое, што зможам прыйсці да пагаднення, але наўрад ці ўдасца пазбегнуць лакаўту», — заявіў Фер.

Лакаўт ужо меў месца ў НХЛ, чэмпіянат якой быў заснаваны ў 1917 г. Першы праз лакаўт адбыўся ў 1994/1995 гг., тады забастоўка доўжылася тры месяцы, і сезон пачаўся са спазненнем. У 2004/2005 гг. сезон быў цалкам адменены.