Цэнтрысты ўпэўнена перамаглі ў Нідэрландах

Лібералы і працавікі змогуць сфармаваць двухпартыйны ўрад.

13.09.2012 / 12:23

Адна з найстарэйшых дэмакратый свету — Нідэрланды — аддала галасы памяркоўным палітыкам.

Прэм’ер-міністрам краіны застанецца ліберал, правацэнтрыст Марк Рутэ.
Ягоная партыя зойме 41 месца са 150 у новым парламенце. Другой партыяй урадавай кааліцыі стане левацэнтрысцкая Партыя працы.
А вось крайне правая, антыісламская і антыеўрасаюзаўская Партыя Свабоды здабыла толькі 13 мандатаў — удвая менш, чым у папярэднім скліканні. Іншая антыеўрапейская, але крайне левая Сацыялістычная партыя засталася са сваімі 15 мандатамі.
Беларусам сацыялісты знаёмыя праз Яна Вірсму — дэпутата-сацыяліста, які пэўны час займаўся беларускім пытаннем, схіляючы еўрапейцаў да пагаджэння з лукашызмам.

Хоць дзве вялікія цэнтрысцкія партыі могуць сфармаваць урад самастойна, мяркуецца, што яны далучаць да кааліцыі яшчэ і трэцяга партнёра, каб мець большасць не толькі ў ніжняй палаце, але і ў Сенаце.

Трэцяй урадавай партыяй могуць стаць хрысціянскія дэмакраты
(правіца; яны шмат дапамагалі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі) або левацэнтрысцкая D66.
Нідэрланды — гэта моцная ў эканамічным плане краіна, у якой жыве амаль 17 мільёнаў жыхароў.
Працавіты характар нідэрландцаў (іх яшчэ называюць галандцамі) сфармавала прырода: гэты народ упарта адваёўваў свае землі ў мора і балатоў. Сістэму дамбаў, помпаў, польдараў, якую нідэрландцы збудавалі за дзесяць стагоддзяў, Амерыканская асацыяцыя інжынераў назвала адным з сямі цудаў нашага часу.

Іх павага да нацыянальнай незалежнасці абумоўліваецца легендарнай вайной з іспанцамі за ўласны суверэнітэт. Нідэрландцы актыўна дапамагалі маладым нацыям Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля іх вызвалення з-пад савецкага кантролю.

Нідэрланды — гэта 17-я па памеры гаспадарка свету, але яны займаюць 10-е месца ў свеце па ВУП на душу насельніцтва.
У ліку славутых нідэрландскіх брэндаў — Unilever, Heineken, банк ING, нафтаперапрацоўка і здабыча Shell, электроніка Philips і судаходства TomTom.
Нідэрланды — адна з еўрапейскіх дзяржаваў з найбольшым дамешкам некарэннага насельніцтва. Нідэрландцаў у краіне толькі 80%.
Аналагічныя прапорцыі ёсць толькі ў краінах Усходняй Еўропы, дзе СССР ажыццяўляў масавыя міграцыі.

Так выглядаў Ротэрдам у 1940-м пасля нямецкай бамбёжкі. Нідэрландцы паспяхова адбудавалі сваю дэмакратычную краіну.

Мікола Бугай