Дацкая анімацыя для дарослых

«Прынцэса». Кіно ў Менску

Дацкая анімацыя для дарослых на тэму порнабізнэса «Прынцэса» прадстаўлена ў межах міні-фэсту радыкальнага кіно, што адбываецца ў менскім «Доме кіно».

12.04.2007 / 07:40

Прынцэса (Princess)

Данія – Нямеччына, 2006, каляровы, 90 хв.

Рэжысэр: Андэрс Моргенталер

Жанр: Драматычная анімацыя для дарослых

Адзнака: 6,5 (з 10)

Былы сьвятар Аўгуст пасьля сьмерці роднай сястры-юрлівіцы застаецца зь пяцігадовай пляменьніцай на руках. Аўгуст вырашае зьнішчыць усё, што магло бы нагадаць дзяўчынцы пра мінулае ейнае маці – порназорцы па мянушцы “Прынцэса”. А заадно й адпомсьціць людзям, якія эксплюатавалі сястру. Пакрысе да крывавае помсты далучаецца й дзяўчынка…

Данія – адна з найпершых краінаў, якая легалізавала парнаграфію. Сёньня малады рэжысэр, Андэрс Маргенталер, стваральнік паўночных коміксаў – выступіў супраць гэтага бізнэсу. “Я ня новы пурытанін, – сказаў Маргенталер, – але я стаміўся ад лібэральнае абыякавасьці”.

Карціна палемізуе зь “Летуценьнікамі” Бэрталючы і іншымі пладамі “сэксуальнае рэвалюцыі”. Выбухі й расстрэлы з крыжом у рукох сымбалізуюць надыход фундамэнталіскае жорсткасьці. А захапленьне японскім анімэ цалкам адпавядае радыкальнаму сюжэту.

Але “дацкае анімэ” – паўночна-мэлянхалічнае. Са стомленым сумам пяцігадовае дзяўчо ломам забівае порнадзялка; пасьля начных мэдытацый былы сьвятар ламае рукі – і выбівае ворагам зубы.

Абавязковы для эўрапейскага кіно сацыяльны чыньнік задаецца ігравымі кадрамі пад дакумэнт: вось хатняя камэра фіксуе нараджэньне першага порнафільму з Прынцэсай; гэта вокладкі часопісаў для дарослых; а тут судова-мэдычныя фатаграфіі. Але з дапамогаю квазідакумэнтальных сцэнак рэжысэр ня проста даказвае ганебнасьць “порнафікацыі”.

Цяпер любое хатняе відэа падсудна анімацыйным героям; а любы дакумэнт можа быць зьнішчаны прыдуманай маляванкай.

Фільм прадстаўлены ў міні-фэсьце радыкальнага кіно, што адбываецца ў менскім “Доме кіно” (9-25 красавіка).

Стужка "Прынцэса" дэманструецца зь 9 па 18 красавіка.

Таксама ў межах фэсту плянуецца карціна “Фляндрыя” Бруна Дзюмона.

Фота з сайту Kino.br.by

Усе фільмы