Паміж палітычнай цемрай і сьвятлом свабоды
Прэм’ер-міністар Славаччыны верыць у перамогу 19 сакавіка
Прэм’ер-міністар Славаччыны верыць у перамогу 19 сакавіка
16.03.2006 / 15:57
Кіраўнік ураду Мікулаш Дзурында выступіў з заявай з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ліст пачынаецца наступнымі словамі: «У нядзелю народ Беларусі будзе абіраць новага прэзыдэнта. Беларусы стануць перад выбарам паміж палітычнай цемрай і палітычнай свабодай». За тры дні да гэтага, 16 сакавіка, пройдзе чарговы Дзень салідарнасьці, калі беларусы будуць на сваіх падваконьнях запальваць сьвечы памяці. Падобная акцыя ў Славаччыне мела нечаканыя вынікі. «18 гадоў таму [1988], калі савецкі камунізм усё яшчэ акупаваў Усходнюю Эўропу, людзі ў Браціславе, сталіцы маёй радзімы, вырашылі запаліць сьвечкі на галоўнай плошчы. Яны прыйшлі проста памаліцца пры сьвятле сьвечак за свабоду веравызнаньня, за незалежнасьць і за канец тыраніі таталітарызму. У той дзень кіраўнічы рэжым задушыў пратэсты, але нейкім чынам гэтыя агеньчыкі, якія на кароткі час прымусілі адступіць цемру, не пагасьлі. Праз 20 месяцаў гэты рэжым абрынуўся, і ў Цэнтральную Эўропу прыйшла свабода», — зазначае славацкі кіраўнік.
Мікулаш Дзурында верыць, што беларускі народ 19 сакавіка зробіць правільны выбар — «і свабодная і дэмакратычная Беларусь стане найлепшым домам для сваіх людзей і іхных дзяцей і добрым суседам для Эўропы і Расеі, а не эскпартэрам палітычных уцекачоў».