Незалежныя назіральнікі: прагаласаваў 21 выбаршчык, а ў пратаколе — 115

Фіксуюцца разыходжанні ў падліках колькасці выбарцаў.

21.09.2012 / 12:35

У межах праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» 20 верасня на шэрагу выбарчых участкаў для датэрміновага галасавання незалежныя назіральнікі зафіксавалі ўсплёск актыўнасці выбарцаў.

На ўчастку №365 ў Фрунзенскай выбарчай акрузе №101 сталіцы назіральнікі налічылі толькі 21 выбарца. У выніковым жа пратаколе гэтая лічба была ў пяць разоў большай — 115.

На ўчастку №595 ва Усходняй выбарчай акрузе №107 Мінска, які размяшчаецца ў Політэхнічным каледжы, студэнты ў перапынку паміж заняткамі стварылі чэргі пры галасаванні. За 20 верасня там прагаласавалі 124 чалавекі, а за два папярэднія дні — удвая менш. Па словах назіральнікаў, кіраваў гэтым працэсам назіральнік ад «Белай Русі», які з’яўляецца і выкладчыкам каледжа.

КМ