Ярмошына: Датэрміновае галасаванне адпавядае ментальнасці грамадзян

23.09.2012 / 10:48

Беларуская апазіцыя не дала ніводнага факту, які б сведчыў аб парушэннях падчас датэрміновага галасавання, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 23 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Яна назвала «здагадкамі» усю інфармацыю аб парушэннях, якая агучваецца прадстаўнікамі апазіцыі.

Ярмошына лічыць, што высокі працэнт тых, хто прагаласаваў датэрмінова, адпавядае «ментальнасці грамадзян, і ўвайшло ў звычку».

У ЦВК паступіла ўсяго два звароты грамадзян, якіх занадта актыўна заклікалі галасаваць датэрмінова, паведаміла Ярмошына. У адным выпадку, па яе словах, гаворка ідзе «хутчэй, не пра прымусе, а пра просьбе», у другім — інфармацыя накіравана на праверку ў пракуратуру.