У Тэгеране разагналі дэманстрацыю супраць падзення рыяла

03.10.2012 / 15:59

У цэнтры Тэгерана адбыліся сутыкненні паміж паліцыяй і дэманстрантамі, якія пратэставалі супраць рэзкага падзення курсу нацыянальнай валюты — рыяла.

Паліцыя ўжыла слёзацечны газ. Дэманстранты падпальвалі шыны і смеццевыя бакі. Многія былі арыштаваныя. За апошнія некалькі дзён курс рыяла щ адносінах да даляра ўпаў на 30%.

Каля 100 абураных гаспадароў крам і абменных пунктаў сабраліся перад будынкам Цэнтральнага банка, дзе іх разагнала паліцыя.

Шматлікія крамы на цэнтральным рынку Тэгерана зачыненыя ў знак салідарнасці з прысутнымі.

Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што акцыя пратэсту была арганізавана кансерватыўна настроенымі супернікамі прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада, якія спадзяюцца зрынуць яго з пасады прэзідэнта.