На Вілейшчыне ўпарадкавалі пахаванне паўстанцаў Каліноўскага — фота
Вандалы парэшткі герояў раскідалі па склепе.
08.10.2012 / 18:08
Капліца, у якой пахаваныя паўстанцы. Фота аўтара.
Такім пахаванне ўбачылі добраахвотнікі. Фота Дзяніса Канецкага.
Фота Дзяніса Канецкага.
Фота Дзяніса Канецкага.
Фота Дзяніса Канецкага.
Сябры Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ўпарадкавалі пахаванне братоў Козел-Паклеўскіх у вёсцы Сэрвач. Па словах кіраўніка вілейскай суполкі ТАПГК Дзяніса Канецкага, у капліцы яны налічылі 8 трунаў. Але тры з іх прысыпаныя пяском настолькі, што выцягнуць іх не змаглі. У выніку яны сабралі чалавечыя косткі і рэшткі вопраткі і склалі ў папраўленыя труны.
Па словах Канецкага,
магілы былі разрабаваныя дзесьці ў 1960-х гадах вандаламі, якія шукалі скарбы. З таго часу пахаваннем ніхто не цікавіўся.
У 1990-х аднавілі капліцу над склепам. І толькі цяпер удалося навесці парадак у самім пахаванні.
Род Козел-Паклеўскіх даў пяцёра братоў — удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Палкоўнік Ян — член Літоўскага правінцыяльнага камітэта, бліжэйшы паплечнік Кастуся Каліноўскага. Пасля вяртання з эміграцыі яго выслалі ў Сібір. Вінцэнт — паўстанцкі кіраўнік Вілейскага павета. Арганізаваўшы атрад з 200 чалавек, загінуў у сутычцы з царскімі войскамі каля в. Уладыкі. У тым баі загінуў і яго родны брат Міхал. Зянон і Юзаф за ўдзел у паўстанні былі сасланыя салдатамі ў Арэнбург і Омск.
Па словах Канецкага, дакладна невядома, хто канкрэтна з паўстанцаў пахаваны ў капліцы. Цяпер вядзецца пошук дакументаў, каб гэта высветліць. Звесткі пра пахаванне братоў-паўстанцаў у Сэрвачы захавала народная памяць.