Бабруйскі завод трактарных дэталяў пачаў мяняць трактары на збожжа

11.10.2012 / 09:22

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) прапануе сельгасвытворцам трактары і іншую тэхніку ў абмен на збожжа.

Згодна з размешчанай на сайце прадпрыемства інфармацыяй, завод дае «ўнікальную магчымасць набыць трактары» Беларус 311/321/320.4 «і камунальную тэхніку на іх базе ў абмен на збожжа».

Як патлумачыў першы намеснік дырэктара — намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях БЗТДіА Уладзімір Кісель, «гэта не бартарныя ўгоды, гэта дапамога нашым калгаснікам».

«У іх не заўсёды ёсць магчымасць заплаціць грошы. А ў нас ёсць магчымасць рэалізоўваць збожжа. Нам хацелася б пабольш трактароў рэалізоўваць нашым сельгасвытворцам, таму я даручыў сваім памочнікам, яны прапрацавалі пытанне і знайшлі схему рэалізацыі», — расказаў першы намеснік дырэктара прадпрыемства.

Паводле яго слоў,

збожжа ў абмен на трактар ​​набываецца згодна з дзяржаўнымі расцэнкамі.
Прадпрыемства мае намер рэалізоўваць атрыманую сельгаспрадукцыю ў Беларусі, у прыватнасці на бабруйскі гідролізны завод.

Як раней паведаміў старшыня Свабоднага прафсаюза БЗТДіА Міхаіл Кавалькоў,

на заводзе сабралася больш за 200 трактароў і некалькі тысяч колаў.