У «беларускім Дубаі» пачынаюць будаваць фешэнебельны комплекс і просяць за метр ад $1460

Да трэцяй чаргі будаўніцтва комплексу «Маяк Мінска» прыступае кампанія «Зомекс Інвестмент».

11.10.2012 / 11:19

Уздоўж працягу вуліцы Каліноўскага да 2014 года ўзвядуць 9 шматпавярховых будынкаў, у складзе якіх запраектаваная 35-павярховая вежа. Цяпер будаўнічыя работы вядуцца на стадыі катлавана, але забудоўшчык ужо прапануе рэзерваваць кватэры.

Эскізы трэцяй чаргі будаўніцтва з’явіліся на сайце кампаніі «Белінтэ-Роба». Комплекс будынкаў пазіцыянуецца як фешэнебельны, ультрасучасны: прадугледжаныя зашклёныя фасады, французскія балконы, стыльны дызайн аздаблення.

— Пры стоадсоткавай аплаце квадратны метр будзе каштаваць мінімум 1460 у.а., — растлумачылі ў офісе забудоўшчыка. — Гэта цана жылля на шостым паверсе. На пятым будзе гандлёвы цэнтр, а першыя чатыры разам з цокальным паверхам зойме паркінг. Пры аплаце ў растэрміноўку цана метра павялічыцца прыкладна на 150–170 даляраў.

Праект комплексу «Маяк Мінска» неаднаразова перажываў змены. Спачатку яго будучым жыхарам абяцалі рачныя каналы з гандоламі, як у Венецыі, аквапарк, вінтападобныя хмарачосы. Затым прыярытэты зрушыліся ў бок будаўніцтва жылля, спрасціліся архітэктурныя рашэнні.

Так выглядала візуалізацыя «Маяка Мінска» ў 2008 годзе. Від на комплекс з боку працягу вуліцы Каліноўскага.

Цяпер на сайце кампаніі размешчаны такі эскіз.

Нягледзячы ні на што, «Белінтэ-Роба» працягвае рэкламаваць свой праект як ультрасучасны востраў багацця.

«Дзёрзкасць, амбітнасць і размах выканання праекта робяць яго ўнікальным і незвычайным, уражваючы, — сказана на сайце. — Такіх праектаў у свеце толькі тры — Дубай, Макаа (Кітай), Лас-Вегасе (ЗША). Зараз і ў Мінску, сталіцы Беларусі, з’явіцца свая турыстычная Мекка і запаліцца агонь „Маяка“, робячы ўсё больш прывабным горад, прыцягваючы наведнікаў з усяго свету».