Жудасная аварыя пад Гроднам: ад КАМАЗа адчапіўся прычэп і пратараніў легкавік — тры чалавекі загінулі

Абноўлена, дадаліся фотаздымкі і відэа.

У аўто ехала сям’я.

19.10.2012 / 15:49

У страшнай аварыі, якая адбылася сёння, каля 14:00, загінулі тры чалавекі, паведамляе Auto.onliner.by.

«На дадзены момант вядома, што ў КАМАЗа, які рухаўся з боку Польшчы, адчапіўся прычэп, — цытуе партал паведамленне з ДАІ Гродзенскай вобласці. — Некантраляваны прычэп выехаў на сустрэчную паласу, па якой акурат у гэты момант рухаўся Volkswagen Passat».

Усяго ў Volkswagen знаходзілася чатыры чалавекі: кіроўца, яе сястра і маці, а таксама непаўнагадовая дачка. «Ад моцнага ўдару ўсю пярэднюю частку кузава легкавушкі скамячыла. Яшчэ канчаткова не вызначана, хто выжыў у гэтым ДТЗ », — дапоўнілі інспектары, звярнуўшы ўвагу, што гэта папярэдняя інфармацыя.

Блог Гродно S13 паведамляе, што выжыла сястра кіроўцы. Цяпер яна нібыта знаходзіцца ў рэанімацыі. Паводле інфармацыі, размешчанай на блогу, дышаль ад прычэпа пры сутыкненні прабіў легкавік.

Паводле Auto.onliner.by; Гродно S13