Шчучын: жанчына падпаліла міліцэйскі ВАЗ
25.10.2012 / 13:46
Машына знаходзілася на стаянцы Шчучынскага РАУС. Як падазраюць у міліцыі, жанчыну падштурхнула на такі ўчынак жаданне дапамагчы затрыманаму мужчыну.«У якасці падазраванай выступае непрацуючая жыхарка раёна 1966 года нараджэння, — піша „Гродзенская праўда“ са спасылкай на начальніка следчага падраздзялення Івана Новікава. — Пасля таго як яе сужыцеля даставілі ў райаддзел за здзяйсненне дробнага хуліганства, жанчына адважылася на неабдуманы крок».
«Яна пералезла праз плот і прайшла на тэрыторыю райаддзела ўнутраных спраў. У той момант, калі полымя ўжо перабралася на шчыток пярэдняга крыла, на вуліцу выйшаў памочнік аператыўнага дзяжурнага РАУС. Ён патушыў агонь і затрымаў зламысніцу».
Матывацыя такога ўчынку пакуль не зразумелая супрацоўнікам РАУС: сужыцеля падазраванай прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці менавіта за тое, што ён усчаў з ёй скандал. Канчатковую версію таго, што адбылося, высветліць следства.