У Беларусі інтэрнэт-аўдыторыя за год вырасла на 14%

25.10.2012 / 14:31

Памер інтэрнэт-аўдыторыі Беларусі ў верасні 2012 года склаў 4,383 мільёна чалавек, што на 14% больш, чым у верасні 2011 года.
Такія звесткі прывёў на канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» у Мінску Міхаіл Дарашэвіч, прадстаўнік Gemius — агенцтва па анлайн-даследаваннях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Інтэрнэт-карыстальнікам называецца чалавек, які на працягу месяца хаця б раз скарыстаў сусветную сетку.

Па гендарным крытэрыі аўдыторыя беларускага інтэрнэта прыкладна роўная: мужчыны — 49,1% і жанчыны — 50,9%.

Асноўная ўзроставая група беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў — людзі 25–34 гадоў (30%), на другім месцы — 19–24 гадоў (21%), на трэцім — 35–44 гадоў (19,5%).

Вышэйшую і паслядыпломную адукацыю маюць 39% беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў.

Згодна са звесткамі даследавання, 80% беларукіх карыстальнікаў выкарыстоўваюць інтэрнэт кожны дзень. Пры гэтым 69% выкарыстоўваюць шырокапалосны доступ.