Больш за 2,7 млн абортаў зроблена ў Беларусі за 20 гадоў

26.10.2012 / 12:14

30 кастрычніка адбудзецца круглы стол «Унясенне дапаўненняў і зменаў у Закон РБ „Аб ахове здароўя“». За ім збяруцца прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Прадстаўнікі цэркваў найперш будуць кіравацца Законам Божым і дабром чалавека. Прапанаваны імі шэраг зменаў у Закон будзе накіраваны на захаванне і ўмацаванне сям’і, а таксама абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

Рэлігійныя арганізацыі невыпадкова занепакоены крызісам сям’і ў наш час. За пяць месяцаў 2012 г. на 1 тысячу сужэнстваў прыпадае 835 разводаў, а за 20 гадоў (з 1990 па 2010 гг.), па даных Міністэрства аховы здароўя РБ, было здзейснена больш за 2,7 мільёнаў абортаў.

Як праваслаўныя, так і католікі інструментамі па выпраўленні крызісу бачаць умацаванне духоўна-маральных асноваў сям’і, адраджэнне сямейных каштоўнасцяў, абарону мацярынства і дзяцінства.

Таму ўдзельнікі круглага стала звернуць асаблівую ўвагу на пытанні аб ахове здароўя і захаванні жыцця чалавека, аб ахове рэпрадуктыўнага здароўя, аб забароне правядзення клінічных выпрабаванняў на чалавечых эмбрыёнах, аб правах урача і пацыента, аб дапамозе рэлігійных арганізацый установам аховы здароўя.