Беларускія спецназаўцы ўдзельнічаюць у вучэннях у Кітаі

На трэніроўцы адпрацоўваюцца пытанні сумесных антытэрарыстычных дзеянняў у прыгранічным раёне.

26.11.2012 / 19:16

26–27 лістапада на тэрыторыі КНР праводзіцца сумесная беларуска-кітайская антытэрарыстычная трэніроўка «Імклівы арол — 2012», у ходзе якой адпрацоўваюцца пытанні сумесных антытэрарыстычных дзеянняў у прыгранічным раёне. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Ад Узброеных сіл Беларусі ў трэніроўцы ўдзельнічаюць прадстаўнікі сіл спецыяльных аперацый.

Вучэнні плануецца правесці ў некалькі этапаў. На падрыхтоўчым этапе пройдуць заняткі па агнявой падрыхтоўцы. Беларускія ваеннаслужачыя вывучаць кітайскую стралковую зброю, яе падрыхтоўку да прымянення і правілы стральбы. Таксама ў ходзе гэтага этапу пройдуць мерапрыемствы па горнай, паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы і беспарашутным дэсантаванні.

На першым этапе будзе адпрацавана пытанне падрыхтоўкі да сумеснага прымянення падраздзяленняў.

У ходзе другога этапу будуць адпрацаваны элементы вырушэння ў раён выканання пастаўленых задач, пошук і разведка, дэсантаванне парашутным і беспарашутным спосабамі, наземны штурм, вызваленне заложнікаў, пераслед і знішчэнне тэрарыстаў, якія вырваліся.

У перыяд правядзення сумеснай трэніроўкі прадугледжваецца пачарговае кіраванне практычнымі дзеяннямі падраздзяленняў беларускімі і кітайскімі камандзірамі.