«Ідэальны незнаёмы»
Трымценьнік з Брусам Ўілісам і Холі Бэры
Халаднаваты кіч, які нікому не замінае.
01.05.2007 / 16:58
ЗША, 2007, каляровы, 109 хв.
Рэжысэр: Джэймз Фоўлі
Ролі выконваюць: Холі Бэры, Брус Ўіліс, Джавані Рыбізі, Рычард Партноў, Гэры Дурдэн, Фларэнсія Лазана, Нікі Эйкакс
Жанр: Трымценьнік
Адзнака: 5 (з 10)
Амбітная журналістка Равэна (Холі Бэры) расьсьледуе сьмерць сваёй сяброўкі. Забітая пазнаёмілася ў сеціве з рэклямным магнатам (Брус Ўіліс) і шантажавала яго пасьля любоўнае сувязі. Гераіня абірае псэўданім, паступае на працу да рэкляміста – і заглыбляецца ў небясьпечны сьвет on-line каханьня.
Карціна Джэймза Фоўлі скарыстоўвае сюжэты розных стужак. Эратычныя трымценьнікі з “ворагам у ложку” і нажом пад падушкаю – але ні Холі Бэры, ні Брус Ўіліс не рызыкуюць паўтарыць подзьвігі Шэрон Стоўн і Майкла Дугласа. Гісторыі маньяка, які дзейнічае празь сеціва – але толькі фільм Арджэнта “Гулец” раскрыў on-line тэму. Нарэшце, “Ідэальны незнаёмец” не абыходзіцца без “цяжкога дзяцінства”, але гэта сталася звыклым псыхааналітычным штампам.
І ў выніку, хаця фінальны паварот сюжэта нечаканы, часткі карціны кепска стыкуюцца паміж сабою.
Акторы, запрошаныя на карціну ня столькі раскрываюць вобразы, колькі прэзэнтуюць тавары й знакі. Шыкоўныя касьцюмы, інтэр’еры, гладкая скура, сэксапільная бялізна, фірмовая ўсьмешка Бруса Ўіліса, на якую пайшоў увесь ганарар карціны. Халаднаваты кіч не раздражняе, ён стрыманы і ў дакладных прапорцыях: чырвоная сукенка, зьнявечанае цела, дарагое віно, нож у сэрцы. Прафэсійная павярхоўнасьць, за якой толькі фэміністкі разгадаюць бездані (і разарвуць рэжысэра на шматкі).
Фільм не пакідае пачуцьця безнадзейна змарнаванага часу, але глядзець яго можна й не ў кінатэатры. Дый ня будзе вялікаю стратай, калі яго, увогуле, не глядзець.
Сэансы ў "Аўроры", "Доме кіно", "Кастрычніку", "Перамозе"
Таксама на экранах: Ноч у музэі, Мост у Тэрабітыю, Любоў-морква, Тыпу крутыя мянты.