«Праверка на дарогах»

ТВ, 7 траўня 2007, панядзелак

Забаронены вайсковы фільм Аляксея Германа на тэлеэкране.

07.05.2007 / 07:24

СТВ, 22.55

Праверка на дарогах (Проверка на дорогах / Операция «С Новым годом!»)

Расея, 1971, чорна-белы, 97 хв.

Рэжысэр: Аляксей Герман

Ролі выконваюць: Ралан Быкаў, Уладзімер Заманскі, Анатоль Саланіцын, Алег Барысаў, Фёдар Адзінокаў, Генадзь Дзюдзяеў, Анда Зайцэ, Мікалай Бурляеў

Жанр: Вайсковая драма паводле прозы Юрыя Германа

Адзнака: 9 (з 10)

У партызанскі атрад Івана Лакаткова (Ралан Быкаў) уцякае паліцай (Уладзімер Заманскі). Замест таго, каб растраляць здрадніка, як таго патрабуе адмысловы аддзел, Лакаткоў вырашае наладзіць яму праверку. Перабежчык мусіць захапіць фашыстоўскі эшэлён з правізіяй…

Па стварэньні карціна Аляксея Германа была адразу пакладзеная на палічку – і ўбачыла сьвет толькі ў 1985. Савецкія ідэёлагі 70-ых крычалі, што “ў фільме скрыўлены вобраз гераічнага часу, вобраз савецкага народу”. Герману не маглі дараваць, што адзін з герояў – паліцай, які раскаяўся, што камандзір атраду не манумэнт – а жывы чалавек, здольны давяраць людзям, што партызаны – замест таго, каб падрываць масты (яшчэ адна недаравальная сцэна!), думаюць пра ежу.

Стужка пазбаўлена надрыўна-патрыятычнага патасу, які штогод усё фальшывей і гістэрычней; у лукашэнкаўскай Беларусі карціну зьнішчылі бы разам з аўтарам. Але Герман у чорна-белай дакумэнтальнай манеры распавядае пра ціхі, непрыкметны й сапраўдны гераізм (акторскія працы, нават эпізадычныя – геніяльныя). А праверка на дарогах – гэта праверка сумленьня.

І ня ўсе эпохі здольны яе прайсьці.

Усе фільмы