Начальнік Антытэрарыстычнага цэнтру КДБ: за выкрадзеную ў Нігерыі нельга плаціць
І ейнаму брату няма чаго туды ехаць.
08.05.2007 / 16:23
Працягваюцца перамовы з выкрадальнікамі грамадзянкі Беларусі Ірыны Экпа‑Ума, паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар цэнтральнага офіса кампаніі «Компас груп» Крыс Кінг. «Праз урад Нігерыі мы працягваем перамовы з выкрадальнікамі», — сказаў ён. К.Кінг не стаў каментаваць ход перамоўнага працэсу і магчымасць выплаты кампаніяй выкупу, патлумачыўшы, што гэта можа негатыўна адбіцца на перамовах.
Прэс‑сакратар таксама зазначыў, што выкраданне супрацоўніка з мэтай атрымання выкупу адбылося ўпершыню за ўсю гісторыю кампаніі.
Паводле слоў брата выкрадзенай жанчыны Алега Гівоіна, прадстаўнікі офіса кампаніі ў Нігерыі прапанавалі яму прыехаць у гэтую краіну, каб непасрэдна назіраць за развіццём падзей па вызваленні І.Экпа‑Ума.
Як заявіў 8 мая ў інтэрв’ю агенцтву Інтэрфакс начальнік антытэрарыстычнага цэнтра КДБ Беларусі Алег Чарнышоў, за выкрадзеную грамадзянку Беларусі нельга плаціць выкуп. «Ёсць выпадкі, калі пасля атрымання выкупу выкрадзенага чалавека вяртаюць, такія выпадкі былі, напрыклад, у Чэчні, але гэта параджае наступныя злачынствы падобнага кшталту», — сказаў ён. А.Чарнышоў таксама выказаў думку, што брату І.Экпа‑Ума не варта ехаць у Нігерыю. «У прамыя перамовы яму ўступаць няма ніякага сэнсу. Іх вядуць прафесіяналы, якія разумеюць, чым яны рызыкуюць. У адваротным выпадку давядзецца плаціць за двух чалавек замест аднаго», — сказаў А.Чарнышоў.
Нагадаем, І.Экпа‑Ума была выкрадзена 5 мая ў горадзе Порт‑Харкорт. Жанчына з’яўляецца адным з кіраўнікоў кампаніі «Whassan Eurest Nigeria Limited», якая займаецца забеспячэннем нафтаздабычы. Яна ўзяла шлюб з грамадзянінам Нігерыі, куды выехала на пастаяннае месца жыхарства ў 1989 годзе.