БІБЛІЯТЭКА
№ 2 (99) 2 лютага 1998 г.
02.02.1998 / 13:00
БІБЛІЯТЭКА
Пра унiю з дакорам
Уния в документах: Сборник / Сост. В.Теплова, З.Зуева. —Менск: «Лучи Софии», 1997.
Жанр гэтай кнiгi пазначаны так: «Рэлiгiйнае выданьне». А вера справа такая — адныя вераць, другiя — не. Якiя могуць быць рэцэнзii? Але кнiгу рыхтавалi навукоўцы, супрацоўнiкi Беларускага Дзяржаўнага Ўнiвэрсытэту, гэта збор дакумэнтальных крынiц XIV-XIX ст. пра гiсторыю грэка-каталiцкай (унiяцкай) царквы, таму на гэтую кнiгу можна зiрнуць i з навуковага пункту гледжаньня.
Увогуле зборнiк вызначаецца прыкметамi навуковага выданьня: ёсьць тут i сьпiс дакумэнтаў, археаграфiчная прадмова (ананiмная), уводны нарыс «Берасьцейская царкоўная унiя. Перадгiсторыя, прычыны i наступствы» (В.Цяпловай), заўвагi, сьпiс выкарыстаных выданьняў, а таксама «слоўнiк малакарыстаных словаў i выразаў». Але як маем «рэлiгiйнае выданьне», вiдавочна — расейскае праваслаўнае, то гэта адбiлася на агульным падборы дакумэнтаў. Яны павiнны былi падмацаваць думку, што праваслаўныя пакутавалi за веру, якую iм навязалi звонку, але гiстарычная справядлiвасьць аднавiлася, i унiя была скасаваная ў 1839 годзе. Гэтую няхiтрую схему мусяць падмацаваць i загалоўкi разьдзелаў: «Ад Крэва да Берасьцейскай царкоўнай унii», «У унii», «Да веры быцькоў i дзядоў». Складальнiкi зборнiка не палiчылi патрэбным адшукваць новыя архiўныя крынiцы i скарысталiся з ужо выдадзеных зборнiкаў дакумэнтаў, балазе такiх багата. Гэта i «Акты Заходняй Расеi», «Вiцебская даўнiна», «Зборнiк дакумэнтаў, якiя высьвятляюць адносiны лацiна-польскай прапаганды да рускай веры i народнасьцi» i савецкiя зборнiкi «Беларусь у эпоху фэадалiзму», «Дакумэнты i матэрыялы па гiсторыi Беларусi» i iншыя.
Што адразу кiдаецца ў вочы пры азнаямленьнi з разьдзеламi кнiгi — гэта пэрыядызацыя. Папярэднiцай Берасьцейскай царкоўнай унii складальнiкi палiчылi Крэўскую унiю памiж ВКЛ i Польшчай. У аддаленай гiстарычнай пэрспэктыве пэўная сувязь тут ёсьць, але Крэўская унiя працягвалася ў Вiленска-Радамскай i Мельнiцкай унiях, пра якiя анi слова. А што датычыць царкоўных унiяў, то i тут няма нiводнага дакумэнта пра Флярэнтыйскую унiю 1439 году. Дарэчы, пра Флярэнтыйскi сабор шматкроць успамiнаецца i ва ўводным нарысе, i ў самых дакумэнтах, але ў чым там справа, чытач зборнiка так i не даведаецца, як, дарэчы, i пра Лiёнскую царкоўную унiю 1274 году. Ды й з самой Берасьцейскай унiяй справа не блiскучая. Iснуе некалькi дакумэнтаў канца XVI ст., у якiх былi выкладзеныя розныя ўмовы меркаванай унii. У гэтым зборнiку чытач iх не адшукае, як ня знойдзе i дакумэнтальнага тэксту тых умоваў, на якiх былi аб’яднаныя цэрквы. Замест апошняга складальнiкi прывялi вялiкую цытату з кнiгi М.Бантыш-Каменскага «Гiстарычная зьвестка» 1795 году. Тое ж самае датычыць акту Крэўскай унii. Дарэчы, чытач ня знойдзе ў зборнiку i актаў трох падзелаў Рэчы Паспалiтай, у вынiку якiх Беларусь была акупаваная Расейскай iмпэрыяй. Зразумела, вялiкая тамнiца й тое, на якой падставе юрыдычна была зьлiквiдаваная унiя.
Усё ж складальнiкi зрабiлi вялiкую працу па падборцы дакумэнтаў з розных выданьняў. Зразумела, з усiмi iх хiбамi, бо праверыць гэтыя крынiцы, седзячы ў Менску, немагчыма. У кнiзе ёсьць невялiкая прадмова, дзе распавядаецца, на якiх археаграфiчных прынцыпах надрукаваныя дакумэнты. Памыляецца той, хто думае, што гэтыя прынцыпы высунутыя менавiта для гэтага зборнiка. Складальнiкi проста ўзялi iх з выданьня 1988 году «Сацыяльна-палiтычная барацьба народных мас Беларусi», разам зь дзясяткам дакумэнтаў адтуль. А як дакумэнтаў у разгляданай кнiзе каля 200, дык у гэтай прадмове няма зусiм нiякай патрэбы. Прасьцей было б напiсаць: дакумэнты ў зборнiку зьмешчаныя ў такiм выглядзе, як былi надрукаваныя 150 або 50 гадоў таму. Кiм? Складальнiкi пра гэта прамаўчалi. А мы назавем: I.Грыгаровiчам, М.Каяловiчам, А.Сапуновым, В.Шчарбаковым, К.Кернажыцкiм, Дз.Даўгялам, З.Капыскiм, Я.Марашам, П.Казлоўскiм i iнш. Новых дакумэнтаў у зборнiку толькi два, яны былi перададзеныя ў распараджэньне складальнiкаў У.Соснам. Яны датычаць гвалтоўнага пераводу унiятаў у праваслаўныя. Здаецца, гэта ўсё, што складальнiкi палiчылi патрэбным сказаць пра гвалт у той справе. Невыпадкова зборнiк сканчаецца 1839 годам, калi унiя была фармальна лiквiдаваная на Полацкiм саборы. А былi ж цiкавыя падзеi i пазьней. I што значыць загаловак апошняга разьдзелу «Да веры бацькоў i дзядоў»? Калi Беларусь прыняла хрысьцiянства, яно яшчэ не было фармальна падзеленае на праваслаўе i каталiцтва. Так што калi б у 1839 годзе беларусы вырашылi вярнуцца да царкоўных парадкаў прадзедаў, яны б мусiлi падпарадкоўвацца цi то канстантынопальскаму, цi то рымскаму патрыярху. Працягваючы тэму ўлады, адзначым, што няма ў зборнiку дакумэнтаў пра тое, якiм чынам праваслаўныя беларусы падпалi пад царкоўную ўладу Маскоўскага патрыярхату.
Зьмешчаны ў кнiзе слоўнiк састарэлых словаў значна дапаможа чытачу разабрацца ў тэкстах. Там ёсьць нават слова «унiя». Яно зьмешчана на вокладцы кнiгi i сотнi разоў сустракаецца на старонках, i тлумачэньне яго ў канцы выданьня сведчыць пра пачуцьцё гумару ў складальнiкаў.
Цi можна зразумець унiю з гэтага зборнiка? Як гiстарычная зьява яна была больш складаная, чым гэта вынiкае з кнiгi. Быццам бы пра гэты зборнiк гаварыў вядомы дзяяч сярэдзiны ХIХ ст.: «Мы не баiмся таго дакору, што зьмешчаныя намi дакумэнты ўсе аднаго роду, што яны падабраныя з наўмыснаю думкаю; такi дакор для нас роўны пахвале. Няхай тыя, якiя захочуць абвiнавацiць нас у аднабаковасьцi, прывядуць нам дакумэнты супрацьлеглай уласьцiвасьцi i характару». Можа, хто i возьмецца.
Валеры Пазьнякоў
Папраўкi да хрэстаматыi
Хрэстаматыя па гiсторыi беларускага тэатру i драматургii. Т. 1. Ад вытокаў — да пачатку ХХ стагодзьдзя. Укладаньне, рэдакцыя тэкстаў, уступны артыкул i камэнтары А.Сабалеўскага. — Менск: Беларуская навука, 1997
Да хрэстаматыяў мы звычайна ставiмся дваiста. З аднаго боку — школьная алергiя да нудных савецкiх «клясыкаў» цi па-барбарску пакарабачаных твораў клясыкаў сусьветных. З другога — усьведамленьне хрэстаматыi як кампэндыюму адборнага кшталту шэдэўраў («гэта войдзе ў хрэстаматыi» — як камплiмэнт аўтару), цi, калi й не самых шэдэўраў, але твораў тыповых, такiх, што яскрава прадстаўляюць эпоху i ўжо праз гэта застануцца ў памяцi нашчадкаў. Для нашае культуры хрэстаматыi адыгрывалi ролю надзвычай важную — акумулюючы тэксты, якiя паасобку гублялiся ў масе чужога матэрыялу, а сабраныя разам стваралi выразны корпус iснай нацыянальнай культуры. У пасьляваеннай савецкай Беларусi «Хрэстаматыя па старажытнай беларускай лiтаратуры» Коршунава, «Хрэстаматыя па гiсторыi беларускай мовы» пры ўсiх сваiх заганах iснавалi падобна прыхаваным мiнам беларускасьцi. Гэтак жа ўспрынялася й «Хрэстаматыя па гiсторыi беларускага тэатра i драматургii» 1975 году, складзеная прафэсарам Анатолем Сабалеўскiм. Тэксты, да таго раскiданыя па шматлiкiх i часам рэдкiх выданьнях, па архiвах, сталi даступныя разам, i зь iх пачала вымалёўвацца агульная карцiна, хай сабе й з лакунамi i надта фрагмэнтарная. Хрэстаматыя на той час у пэўнай ступенi выконвала ролю падручнiка па гiсторыi беларускага тэатру. Падручнiка, якi не iснаваў тады, не iснуе па сутнасьцi й цяпер (бо нельга ж усур’ёз браць за падручнiк «Гiсторыю беларускага тэатру» Ул.Няфёда, а трохтамовая калектыўная «Гiсторыя» занадта грувасткая для падручнiка ды шмат у чым ужо састарэлая). Тады «Хрэстаматыя» (надрукаваная накладам усяго ў тысячу асобнiкаў) хутка стала рарытэтам, i я памятаю, як доўга шукаў яе па букiнiстах на пачатку васьмiдзясятых. Ня надта зьменшыла яе значэньне для тых, хто цiкавiцца гiсторыяй беларускага тэатру, i выданьне яшчэ адной «культавай» кнiгi — збору «Беларуская дакастрычнiцкая драматургiя», складзенага Сяргеем Лаўшуком i надрукаванага ў 1978-м.
Ад зьяўленьня «Хрэстаматыi» прайшло дваццаць сем гадоў, за якiя шмат чаго адбылося i зьмянiлася ў Беларусi. Нарэшце, дачакалiся мы i другога выданьня, «пашыранага i ўдакладненага», ужо ў трох тамах, праўда, накладам у тую ж самую тысячу асобнiкаў, што, напэўна, кампэнсуецца неблагой цаной — 100 тысячаў за адзiн першы том — «бедныя студэнты» ўжо на пакупку не кандыдаты. Дзеля адпалохваньня лiшняга, выпадковага пакупнiка, напэўна, створана i псыхадэлiчная бэзава-жоўтая вокладка.
Першы том — гэта ўжо не «дарэвалюцыйны пэрыяд», а «ад вытокаў — да пачатку ХХ стагодзьдзя», але, гэта значыцца, ўсё роўна «да рэвалюцыi», бо другi том заяўлены на перыяд «20-50-х гадоў», а трэцi — «з 60-х i да нашага часу». (Шчыра кажучы, маю сумневы — цi нацягваецца за апошнiя трыццаць гадоў такая ж «удзельная маса» хрэстаматыйных тэатральных тэкстаў, як за папярэднiя чатырыста?) Зь цiкавасьцю пачаў я гартаць том, шукаючы «пашырэньняў i ўдакладненьняў». Сапраўды, дабаўлены раней забаронены Францiшак Аляхновiч — тры даволi раньнiя тэксты (спадзяюся — для яго знойдзецца месца яшчэ i ў другiм томе); да тэкстаў Максiма Гарэцкага дададзеныя ўрыўкi з артыкула «Наш тэатр»; нарэшце, дадаўся цэлы разьдзел «Драматургiя i тэатр XVIII стагодзьдзя», важная старонка нашай тэатральнай гiсторыi, якую больш-менш уважлiва пачалi чытаць толькi ў апошнiя два дзесяцiгодзьдзi. Але тут, на жаль, маем толькi адзiн пункт — дробныя ўрыўкi з «Агаткi» Мацея Радзiвiла. У астатнiм новы першы том цалкам iдэнтычны першаму тому зь сярэдзiны «эпохi застою». Нават даведачныя артыкульчыкi пры разьдзелах толькi згубiлi згадкi пра «СССР» i «вялiкую кастрычнiцкую рэвалюцыю». Хiба не зьявiлiся за амаль трыццаць гадоў новыя публiкацыi, ня выплылi зь небыцьця забытыя ймёны й творы, не нарадзiлiся новыя канцэпцыi? Можна, вядома, адказаць, што на тое яна й хрэстаматыя, каб рэпрэзэнтаваць вечнае, але цi ўсё «вечнае» ў нашай культуры так стабiльна расстаўленае «па палiчках», каб нiчога ўжо не зварухнуць?
У сярэдзiне сямiдзясятых, калi выйшла першае выданьне, большасьць твораў з хрэстаматыi былi маладаступныя. Таму нават ва ўрыўках знаёмства зь iмi было «эксклюзыўнай падзеяй». «Навучальны» i «асьветнiцкi» характар хрэстаматыi, яе адрасацыя на студэнтаў, «шырокiя колы чытачоў» не выклiкалi прэтэнзiяў да яе навуковага ўзроўню. Сёньня, калi збораў i перавыданьняў старых тэкстаў стала значна больш, публiкацыi ўрыўкаў з «Паўлiнкi» цi «Кветкi папарацi» можа ўжо i для школьнiкаў ня так важныя — можна адаслаць да папулярных больш поўных выданьняў. Калi ж даецца ўсё ж урывак зь вядамай са школы «Пiнскае шляхты», цi ня варта хаця б згадаць пра тое, што тэкст яе быў напiсаны на палескiм дыялекце, а распаўсюджана яна сёньня ў перакладзе. А вось з тою ж «Агаткаю» добра было б пазнаёмiць чытача блiжэй — пераклад яе ў «Тэатральнай Беларусi» можна знайсьцi ня ў кожнай бiблiятэцы. На жаль, школьны тэатар гэтак i застаецца «тэатрам iнтэрмэдыяў». З усяе двухвяковай гiсторыi гэтай цiкавейшай для нашага рэгiёну тэатральнай зьявы увесь час мэханiчна выдзiраюцца некалькi iнтэрмедыяў, быццам бы адметных «дэмакратычнасьцю» i «беларускамоўнасьцю». А што такiм чынам цалкам скажаецца ўяўленьне аб складанай структуры п’есаў, аб правiлах i традыцыях гэтага тэатру, зьвязанага i зь сярэднявечным маралiтэтам, i са спадчынаю антычнага тэатру, i зь мясцоваю культурай — гэта няважна. Нават наяўнасьць поўнага тэксту «Камэдыi» Марашэўскага гэтае сытуацыi не выпраўляе.
Але, тым ня менш, з удзячнасьцю стаўлю новую «Хрэстаматыю» на сваю тэатральную палiцу i застаюся ў чаканьнi — таго, чым парадуюць, альбо зьдзiвяць наступныя тамы, а таксама ў чаканьнi трэцяга, сапраўды, «папраўленага i дапоўненага» выданьня.
Вацлаў Арэшка
Дух старое дагматыкi
Гiсторыя сялянства Беларусi ад старажытнасьцi да 1861 г. Том 1. — Менск: Беларуская навука, 1997. — 431 с.
Што толькi нi пiсалася нядаўна пра зьмярцьвеласьць гiстарычнай навукi. Самыя апантаныя называлi яе галоўным ворагам марксiсцка-ленiнскую дагматыку. Нейкi час думалi — нарэшце згiнула нялюбая пачвара, i вось айчынная навука выбiлася на шлях уласнага разуменьня сваёй мiнуўшчыны. Але вось гэты выразны канон абрыдлай гiстарыяграфii паўстаў з магiлы. Ён жыве i без iдэалягiчных iдалаў, бо кожны невук разумее, што менавiта мужыцкiм мазалём мацаваўся i квiтнеў гiстарычны краявiд. Пахаваны дух дагматыкi ўваскрос разам зь нiзрынутымi аўтарытэтамi, пра што сьведчыць выданьне 1-га тому гiсторыi беларускага сялянства калектывам навукоўцаў Iнстытуту гiсторыi нацыянальнай Акадэмii навук. Сярод аўтараў — знаўцы пэўных сюжэтаў гэтай даўнiны, апрацаваных у дысэртацыях. Сярод iх i тыя, хто пасьпеў скарэктаваць замшэлыя погляды. Але ж i тыя, i другiя па-ранейшаму трымаюцца ў многiх прынцыповых пытаньнях не канкрэтна-гiстарычнага грунту, а спадчыны сваiх iдэйных апосталаў.
Возьмем, да прыкладу, разьдзел кнiгi, прысьвечаны становiшчу сялян пасьля далучэньня Беларусi да Расейскай iмпэрыi. У адпаведным месцы сьцьвярджаецца, што гэтая падзея пакончыла з анархiяй Рэчы Паспалiтай, якая «тармазiла эканамiчнае разьвiцьцё» (стар. 259), што яна «стымулявала рост вытворчасьцi». Аднак далей гаворыцца, што бурны росквiт зводзiўся да «iмклiвага росту таварнасьцi панскай гаспадаркi» (стар. 260 i 301) i яе пасьлядоўных посьпехаў за кошт абезьзямельваньня сялян. А зараз паглядзiце ў разьдзел другi, прысьвечаны ўсталяваньню прыгоньнiцтва. I там прачытаеце, што ўжо ў XV ст. адбывалася ўцягваньне ў рынак, менавiта заходнеэўрапейскi попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю «стаў галоўным фактарам iнтэнсыўнага разьвiцьця панскай гаспадаркi ў форме фальварка» (стар. 71), што з-за гэтай кан’юнктуры «ўнутраны рынак набываў экспартна-iмпартныя функцыi» (стар. 59).
Атрымлiваецца, што з XV ст. i да 1772 году беларускiя фальваркi арыентавалiся на Эўропу, а пасьля рэзка зьмянiлi курс на Расею. Прычым, як вынiкае з тэксту, Расея апынулася магутным гаспадарчым стымулятарам i моцным спажыўцом прадукцыi. Аўтары даводзяць, што пасьля 1772 г. i да 1861 г. плошча панскiх палеткаў узрасла з 7 да 73 % усiх ворыўных зямель у маёнтках. Аднак «iнтэграцыя на ўсерасейскi рынак» ня проста спрэчная. Аўтары нiдзе не падаюць лiчбаў пра таварныя патокi менавiта ў Расею, з чаго б i вынiкала прагрэсiўнае ўцягваньне беларускага рэгiёну ў расейскi рынак. Аўтары не ўдавалiся ў гушчары дакладных доказаў. Яны проста паўтарылi Ф.Энгельса i У.Ленiна, якiя сфармулявалi тэзу аб экспартнай накiраванасьцi панскiх фальваркаў i ў XVI, i ў XIX стагодзьдзях.
У свой час гэтую схему спрабавалi абвергнуць з фактамi ў руках, каб занесьцi панскiя фальваркi якраз у аванпосты перашкод рыначным сiлам, каб шляхам iх падзелу памiж сялянамi якраз стымуляваць росквiт кан’юнктуры. Але згаданая схема пазбаўляе неабходнасьцi патрэбнага аналiзу, бо яна — канон. I аўтарам нiяк не ўдаецца вызвалiцца з дагматычных путаў. Да прыкладу, на iх меркаваньне, падзелы Рэчы Паспалiтай «зьнiшчылi... бескантрольную ўладу буйных зямельных уласьнiкаў». Але ж далей гаворыцца, што ў Расейскай iмпэрыi «як i раней... самавольства памешчыкаў нiчым не абмяжоўвалася» (стар. 262). Адна рука пiша, што напярэдаднi далучэньня да Расеi пераважала фальварачна-паншчынная сыстэма эксплюатацыi сялян (стар.208), а другая пiша пра перавагу зьмяшанай рэнты пасьля 1772 году, «як i ў былыя часы» (стар. 301). Адзiн i той аўтар сьцьвярджае, што менавiта пад расейскiм панаваньнем у першай палове ХIХ ст. паншчына набывае шырокае распаўсюджаньне, а потым заключае, што «захавалася тая бессыстэмнасьць у вызначэньнi павiннасьцяў, якая iснавала... да канца XVIII ст.» (стар. 303).
Ня трэба кпiць з аўтараў з прычыны адсутнасьцi ў iх канцэптуальнага адзiнства. Наадварот, яно прасочваецца шмат у чым. Добра, што рэдактары тому прагледзелi падобныя замшэлыя стэрэатыпы, як некалi царскi цэнзар з разьлiку на недасьведчаную публiку прапусьцiў небясьпечны «Капiтал» К.Маркса. Нядрэнна, што цэнзарскiя нажнiцы не закранулi аўтарскiх пазыцыяў, каб атрымаць «адзiны падыход» да праблем. Унiклiвы чытач сам знойдзе часам проста недарэчныя супадзеньнi i паўтарэньнi, якiя не на карысьць выразнага разуменьня гiстарычных лёсаў беларускага сялянства. Сэнс у iншым. Выданьне валялася на палiцах выдавецтва, здаецца, з 1991 году. З таго моманту разуменьне гiстарычнага шляху беларускай вёскi працягвае абапiрацца на марксiсцка-ленiнскiя мылiцы. На падыходзе — другi том, дзе пойдзе гаворка пра жыцьцё сялян пасьля 1861 i да 1917 году. Можа, i зараз нас узрадуюць абгрунтаваньнем непазьбежнасьцi сацыялiстычнае рэвалюцыi. Хiба i наступным разам сялянскi лёс будзе вызначацца не жыцьцёвымi рэалiямi, а кан’юнктурнымi клiшэ?
Яўген Анiшчанка
Ровар для беларускай культуры
Made in Belarus. Белорусские застольные песни в танцевальной обработке. Byelorussian Disco. — Менск: Vigma, 1998.
Адна з мараў беларускае культуры — пра масавасьць. У сытуацыi, калi большасьцю спажыўцоў мас-культуры сама беларуская культура разглядаецца як архаiзм са сьпевамi бабулек, мары такога кшталту выглядаюць досыць прывiднымi. Але калi дэфiнiцыi «беларуская культура» i «фальклёр» (г.зн. народная творчасьць) разглядаюцца амаль як тоесныя, то чаму б гэта ня выкарыстаць як падмурак для стварэньня народнай (мас) культуры. Здаецца, прыкладна так маглi разважаць аўтары праекту «Made in Belarus».
Адразу зазначым, што iдэя стварэньня на аснове народных песень сучасных кампазыцыяў выкарыстоўваецца ўжо некалькi гадоў ва Ўкраiне i ў Расеi: апошняя паднесла сьвету такiя «шэдэўры» як «Золотое кольцо» i «Балаган Ltd.», якiя, дзякуючы сваiм вычварным формам перапевак, лiчацца ўзорамi сучаснага расейскага поп-фальклёру; Украiна ў гэтым сэнсе стаiць да нас блiжэй: сьвет пабачыў аж тры часткi праекту... «Made in Ukraina», да якога паводле стылю i зьместу вельмi падобная «Made in Belarus».
Але зьвернемся да «Белорусских застольных песен в танцевальной обработке» непасрэдна. Першае, што кiдаецца ў вочы — вокладка альбому. Тут пануе трасянка. Магчыма — яшчэ адзiн сродак для дасягненьня масавасьцi.
Канцэпцыя песень вытрымлiваеца амаль бездакорна. Сабраныя i апрацаваныя тут кампазыцыi вядомыя ўсiм: «Ты ж мяне падманула», «Цьвiце цiран», «Ой, ляцелi гусi з броду», «Каля млыну» i да т.п. Здаецца, звычайны рэпэртуар якога-небудзь народнага хору, касэту якога можна набыць цi проста перапiсаць з бэтэшных «Вячорак». Але менавiта тут пачынае працаваць азначэньне «масавасьць»: нiхто ў нас яшчэ не дадумаўся перакласьцi ў сучасныя стылёвыя плынi народныя песьнi так, каб гэта было цiкава для ўсiх — ад навучэнца ПТВ да мэханiка з Трактарнага. А як жа «Палац»? «Палац», хочаце цi не, усё ж такi занадта iнтэлектуальная каманда, ня ўсе яе песьнi можна слухаць на працягу вечара ў цёплай кампанii. Чаго ня скажаш пра «Беларускае дыска», дзе сьвядома атаясамлiваюцца «народныя» i «застольныя» песьнi як формы масавасьцi: адпаведныя расейскiя праекты ўзялi НАШУЮ аўдыторыю менавiта такiм чынам. Дык цi варта было б прыдумляць ровар, калi можна ўзяць заежджаную, але прыдатную мадэль.
Чаму «амаль бездакорна»? Таму што, колькi нi думаў, ня змог сабе патлумачыць, як у разрад застольных трапiла калядная «Цiханая ноч», дарэчы, на вокладцы не згаданая.
Выснова, якую можна зрабiць пасьля праслухоўваньня й разгляданьня касэты — да беларускасьцi пачынаюць праяўляць камэрцыйную цiкавасьць «масавiкi». Як да канкурэнтаздольнага прадукту.
Сяргей Сахараў