Алег Дашкевiч. Каманда
№ 3 (100) 9 лютага 1998 г.
09.02.1998 / 13:00
Каманда
Калi, апошнiм часам мне трапляецца на вочы напханая комплексамi дыскусiя памiж «пажылымi мальчыкамi» нашае палiтыкi, робiцца брыдкавата. I тады я ўключаю тэлевiзар i назiраю за гульнёй нашай хакейнай зборнай на Алiмпiядзе ў японскiм мястэчку Нагана. Я бачу на экране талковых мужыкоў, за якiх ня сорамна. I нiколi сорамна не было.
Увогуле, у сучасным беларускiм кантэксьце наша хакейная зборная выглядае фэномэнам. Сем гадоў таму, як i ўсе iнстытуты грамадзтва, наш хакей вымушаны быў пачынаць з нуля. Сем гадоў высiльваючыся праз немагу, часам на мяжы магчымага, зборная разбурала стэрэатыпы i ўласныя комплексы, крок за крокам падымалася з падвалаў, даводзячы i Ўсходу, i Захаду, а найперш сабе, што мы ў хакеi — адны зь лепшых. I ўрэшце дасягнулi элiты. Дасягнулi, таму што рабiлi справу, а не шукалi вiнаватых. Таму што хацелi. Таму што гэта Каманда. Вядома, былi паразы, але на працягу сямi гадоў нiхто не адважыўся кiнуць папрок нашай зборнай у адсутнасьцi волi i мужчынскага характару.
Сем гадоў суб’екты нашае палiтыкi, як улада так i апазыцыя даводзiлi й даводзяць усяму сьвету, а найперш сабе, што ва ўсiм, што адбываецца, яны не вiнаватыя. Вiнаватыя то супернiкi, то таварышы па пляцоўцы, то ўласна пляцоўка. Вiдаць, iм нiколi ня трапiць у сваё Нагана.
Магчыма ў нашай зборнай не было яскравага лiдэра, але пачуцьцё прафэсiяналiзму, уласнай годнасьцi, надзейнасьцi было заўжды. Таму ёсьць Каманда.
З тых, хто ламаў косткi i клаўся пад шайбы ў Баўгарыi, Швайцарыi, Латвii, Польшчы, ня ўсе трапiлi на Алiмпiяду, у Нагана паехалi мацнейшыя на гэты час. Расплёвак памiж тымi, хто трапiў i ня трапiў, не чуваць. Таму што гэта мужчыны, а ня мальчыкi. Таму што гэта Каманда. Каманда, якая нiкога не баiцца. Нi Расеi, нi Амэрыкi з Канадай. Так гаварылася раней, так гавораць i зараз. Расейскiя камэнтатары.
Наша зборная на працягу гэтага часу на справе даказвала воклiч — Жыве Беларусь! Яна сьцьвярджала нашую нармальнасьць, нашую вартасьць. Яна давала й дае надзею нам, не савецкiм... Як калiсьцi давала надзею чэхам i славакам iхная хакейная зборная.
Я спадзяюся на яе. Не таму што гэтая зборная да апошняга гуляла ў форме нацыянальных колераў, а таму што гэта Каманда сапраўдных мужчынаў, якая нават прайграе, не губляючы годнасьцi.
Я набяруся нахабства i параю ўважлiва сачыць за нацыянальнай хакейнай камандай на Алiмпiядзе ў Нагана суб’ектам беларускай палiтыкi, а «пажылым мальчыкам» паглядзець на мужчынаў.
Алег Дашкевiч