Адам Глёбус. СУЧАСЬНIКI (Лiтоўцы, расейцы й iншыя)

№ 21 (118) 1998 г.

09.11.1998 / 13:00

Адам Глёбус

СУЧАСЬНIКI

(Лiтоўцы, расейцы й iншыя)

 

Джаўкштас

У 1969 годзе Сiльвэстрас Джаўкштас напiсаў палатно з назваю «Гiбель актывiста». На падлозе вясковай хаты ляжыць забiты актывiст. Зь цемры, праз вакно яго застрэлiлi лясныя браты. Каля гэтага палатна атрымлiваўся дзiўны эфэкт. Глядач мог стаць савецкiм мiлiцыянтам, якi знайшоў труп актывiста, а мог быць памагатым ляснога брата, якi пазiрае на нябожчыка праз другое вакно. Асабiста я нi разу не ператвараўся ў мiлiцыянта.

 

Вазьнясенскi

Пад Барсэлёнаю, у Сiчазе пад час карнавалу, у натоўпе я апынуўся побач з паэтам Андрэем Вазьнясенскiм. Той глядзеў у вiтрыну й гаварыў да старой кабеты: «Сорак баксаў. Паглядзi... Гэтая драбяза каштуе сорак баксаў!!!»

 

Iскандэр

У доме творчасьцi Фазiлю Iскандэру дастаўся нумар без тэлевiзара. Усчаўся вэрхал. Заўгас прытарабанiў з дому ўласны тэлевiзар. Вёз ён яго ў дзiцячай калясцы.

 

Савiцкi

Чытаючы раман «Тэма без варыяцыяў» Дзьмiтрыя Савiцкага, падумаў, што ў сьвеце iснуе iнтэрна-цыянальная эмiгранцкая лiтаратура. Асаблiва тут вызначылася ХХ стагодзьдзе: Аляксей Талстой, Аляксандар Купрын, Джэймс Джойс, Генры Мiлер i безьлiч iншых.

 

Ушынскас

Пэўна, не было такога манумэнталiста ў Беларусi, хто б ня ставiўся з павагаю да лiтоўскiх вiтражоў. Беларусы маглi толькi марыць пра музэй вiтражоў, якi быў у Коўне. Зараз яго мусiць няма, i Бог зь iм. Асноўнае: у Лiтве была школа, якую стварылi людзi кшталту Стасiса Ушынскаса й Аўгустынаса Савiцкаса. А яны ж вучылiся ў Парыжы. Ушынскас у самаго Фэрнана Лежэ. Як нам не хапала такой школы...

 

Паршчыкаў

Паэт Аляксей Паршчыкаў напiсаў радок: «Мора — гэта звалка веласiпедных рулёў». Нечаканае параўнаньне. I цяпер, гледзячы на мора, што пачынае хвалявацца, я бачу гэтую блiскучую звалку рулёў.

 

Аненскi

Некалi эсэiст Леў Аненскi працаваў у калянiяльным (азначэньне Паршчыкава) часопiсе «Дружба народов». Каб ведаць народы ня толькi па тэкстах, ён шмат езьдзiў па СССР i прыдумаў досыць унiвэрсальную сыстэму формулаў. Хто як кормiць гасьцей? Рускi: «Ты еш, еш. Ну, што ты не ясi? Выпi й закусвай». Беларус: «Мацi, пастаў госьцю на стол, i пайшлi, хай чалавек паесьць».

 

Яроменка

Аляксандар Яроменка напiсаў кнiжачку вясёлых вершаў, сабраў калекцыю мастацкiх вырабаў з расейскiх турмаў i зьнiк. Дзе? Што робiць? Цi жыве? Зрэшты, ня ў тым сутнасьць. Калi чытаю Сашкiны санэты, пераконваюся: нобэлеўскую прэмiю можна даваць толькi за вершы. Каб хоць неяк кампэнсаваць тое, што яе не даюць мастакам i рэжысэрам. Ну сапраўды, чаму Сянкевiч i Шолахаў ляўрэаты, а Пiкаса й Бунюэль — не?

 

Будзiнас

Савецкi журналiст Яўген Будзiнас аднаго разу паглядзеў у вакно й сказаў: «Крыўдна ўсё ж, што кавалак жыцьця даўжынёю ў гадоў сорак пайшоў на тое, каб зразумець: мне не падабаецца гэтая зямля й гэты народ. Нiчога добрага нi на гэтай зямлi, нi з гэтым народам ужо ня будзе». Каб я ня ведаў Будзiнаса, i гаварыў ён не пра мой народ i маю зямлю, дык i «чорт яго пабiрай», як любiў паўтараць Караткевiч. Толькi за вакном была Беларусь. А Будзiнас ладуе валiзы, каб зьехаць. I ўсё ж у гэтым выказваньнi ёсьць дзьве станоўчыя рэчы... Беларусь пазбавiцца таго, хто яе ня любiць. А Яўген, якому 54, ня будзе мець новых 40, каб узьненавiдзець iншую зямлю й другi народ за новым вакном.

 

Рэйн

Пiцерскi паэт Яўген Рэйн, сябра Язэпа Бродзкага й вучань Ганны Ахматавай, аднойчы сярод ночы, калi мы чыталi вершы й пiлi «рускую», сказаў: «Не пiшы нацыяналiстычную паэзiю, i ўсё складзецца добра». Паслухаў я Рэйна й перайшоў на прозу.

 

Маркава

«Вялiкая руская перакладчыца» — так было напiсана пра Веру Маркаву ў анатацыi да кнiгi Сэй-Сёнагон «Нататкi каля ўзгалоўя». Незвыклае словазлучэньне запомнiлася. Тым больш, што, чытаючы Басё, Iса, Бусона, Такубоку й Сэй Сёнагон у перакладах Маркавай, я ўяўляў не Японiю, а Беларусь. А сказаўшы пра гэта Веры Мiкалаеўне, якая нарадзiлася ў Менску, пачуў наступнае: «Самае дарагое, што ў мяне засталося зь дзяцiнства, гэта ўспамiн пра вербы над Сьвiслаччу». Чытаю й перачытваю:


На смерть маленького сына

 

О мой ловец стрекоз!

Куда в неведомой стране

Ты ныне забежал?

Чыста беларускi верш.

 

Еўтушэнка

Калi ў расейскую паэзiю прайшло пакаленьне мэтамэтафарыстаў —Жданаў, Паршчыкаў, Яроменка — Яўген Еўтушэнка, вялiкi знаўца каньюнктуры, вырашыў прымазацца да новых зорак i прыйшоў весьцi паэтычнцю вечарыну. Ён досыць маляўнiча прадставiў Яроменку й даў яму слова, але Сашка слова ня ўзяў i нават з крэсла ня ўстаў. Ён гучна на ўсю залю сказаў: «Хадзi сюды, я табе ўрэжу!» Еўтушэнка ўцёк.

 

Ахмадулiна

Ахмадулiна — бляклы цень Ахматавай.

 

Высоцкi

Нiколi не любiў i не палюблю песьнi Ўладзiмера Высоцкага, але процьму ягоных твораў ведаю напамяць. Высоцкi — яскравы фэномэн масавае сьвядомасьцi, якi жыве ў нас незалежна ад нашага жаданьня.

 

Мiхалкоў

Кiнарэжысэр Мiкiта Мiхалкоў прыехаў у Беларускi театральна-мастацкi iнстытут з выступленьнем. Кiнуў палiтон на крэсла у рэктараце, зайшоў у залю i, хутка прайшоўшы мiж радоў, заскочыў на сцэну. Скачок узрадаваў. А вось развагi пра генiяльнасьць мастака Фядотава мяне расчаравалi. Зрэшты, кiнафiльм «Абломаў», пабудаваны на варыяцыях палотнаў Фядотава, на мой погляд — адна зь лепшых прац Мiхалкова. Генiяльнасьць ганчароўскага, чыста рускага вобраза — памешчыка Абломава выцягнула з пасрэднасьцi Фядотава й Мiхалкова. Што нi кажы, а сцэнар у кiно — аснова асноваў.

 

Красаўскас

Мой настаўнiк маляваньня Трахiм Iгнаценка вучыўся ў Вiльнi разам са Стасiсам Красаўскасам. Той — са словаў Iгнаценкi —заўсёды марыў быць авангардыстам. Аднойчы, на эцюдах да Стасiса падыйшоў селянiн i сказаў, што краявiд атрымаўся вельмi праўдзiвы. Красаўскас зрэагаваў наступным чынам: парваў аркуш з акварэльлю на дробныя шматкi.

05.11.1998