Зварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы з нагоды 81-х угодкаў абвешчаньня дзяржаўнай незалежнасьці
№ 05 (126) 1999 г.
15.03.1999 / 13:00
Зварот
Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы з нагоды 81-х угодкаў абвешчаньня дзяржаўнай незалежнасьці
Дарагія суродзічы!
Зноў чорная хмара вісіць над Беларусяй. Зноў, як і чарнобыльская, надышла яна з Усходу. У надзеі на кавалак хлеба некаторыя гатовыя зноў зьяднаць свой лёс з адвечным захопнікам. Кажуць, што народ наш няжыцьцяздольны. 81 год таму нашыя дзяды абвесьцілі сьвету, што яны ЁСЬЦЬ жыцьцяздольнымі, і што яны ГАСПАДАРЫ на сваёй зямлі. Сёньня мы адзначаем гэты вялікі дзень — калі народ наш здабыў права «людзьмі звацца» і людзьмі быць.
У гэты памятны дзень я хацела б, каб кожны з нас задумаўся над тым, што ён можа зрабіць, каб не дапусьціць да новага гвалту над беларускім народам, каб народ наш выратаваўся ад новай бяды — інтэграцыі ў расейскую імпэрыю. Калі мы гэтага ня зробім, мы зноў прачнемся ў няволі. І, як кажа Васіль Быкаў, «той раз — назаўжды». Масква больш ня выпусьціць нас з кіпцюроў, і трэба будзе ў «крывавых муках» ізноў здабываць страчаную людзкую годнасьць.
Дарагія суродзічы, на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь сёньня ня «свой чалавек», а маскоўскі калябарант, які працуе выключна на карысьць імпэрыі. Месяц пасьля таго, як кляўся ў сваім навагоднім пасланьні, што незалежнасьць Рэспублікі Беларусь — рэч «сьвятая», ён ужо дзеліцца сваімі марамі пра ваенную магутнасьць новай імпэрыі.
Дарагія мае сёстры-беларускі, зьвяртаюся да вас, бо так, як і вы, бясконца люблю наш край. Няўжо вы дазволіце, каб вашыя сыны і ўнукі зноў паміралі за чужую імпэрыю? Яшчэ не запозна сказаць Лукашэнку ды яго маскоўскім панам: годзе ўжо нас дурыць. МЫ ХОЧАМ ЖЫЦЬ У НАШАЙ УЛАСНАЙ ДЗЯРЖАВЕ, БЯЗ СТРАХУ, БЯЗ ВОЙНАЎ, ЖЫЦЬ ДРУЖНА З НАШЫМІ СУСЕДЗЯМІ, АЛЕ АДНАЧАСНА БЫЦЬ ГАСПАДАРАМІ НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ. МЫ ХОЧАМ ЖЫЦЬ У ДЭМАКРАТЫЧНАЙ І НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСІ.
Дарагія суродзічы, прашу і заклікаю вас, не дапусьцеце да ліквідацыі нашай дзяржавы! Ад вас залежыць будучыня вашых дзетак, вашых унукаў. Не пакіньце ім у спадчыну забраны, паняволены край заміж вольнай, заможнай і гордай Бацькаўшчыны. Толькі вы можаце не дапусьціць яе загібелі. Разам мы яе адбудуем, вылечым ад ейных боляў і ўзьнясем на сьветлы пасад.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Івонка Сурвіла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі