Няўдзячны слухач. Click Нere

№ 12 (133) 1999 г.

28.06.1999 / 13:00


Click Нere

 

Як робiцца шэдэўр? Бярэцца самы папулярны ў беларускай драматургii сюжэт — як просты селянiн пайшоў у заклад з д’яблам. Заварваецца пунш з даўніх п’есаў Марашэўскага, Купалы й Аляхновiча. Далей бяруцца тры яркiя колеры — чырвоны, чорны й белы, на якiх будуецца ўся сцэнаграфiя — чорна-белы мур, якi, у залежнасьцi ад асьвятленьня, можа быць раем цi пеклам, на тле якога шыкоўныя гарнiтуры ад мастачкi Iнгi Салiты глядзяцца ня горш, чым на подыюме. Пасьля прыгожая карцiнка старога, як сьвет, сюжэту асучасьнiваецца неўтаймоўнаю й дзёрзкай фантазіяй рэжысэра. Вось і выйшаў спэктакль Рыда Талiпава па п’есе Сяргея Кавалёва на «Вольнай сцэне».

Тры разы выпрабоўвае сумны д’ябал (Iгар Сiгоў) хлопца Яську (Анатоль Кот). Спачатку раем, што нагадвае эўрарамантаваную хату з багатым гардэробам й выбарам замежных напояў. Другi раз — сядзеньнем на адным месцы, а пасьля маўчаньнем. I ўсе тры разы герою замiнаюць выйграць заклад альбо жонка (Людмiла Сiдаркевiч), альбо незалежныя ад ягонай волi абставiны. Але ж якiя! Часам вядомая гiсторыя адыходзiць на другi плян, саступаючы месца фэтышу. Як сэксуальнаму, так i палiтычнаму.

О-о! Садамазахiсцкiя сайты Iнтэрнэту тускнеюць перад ланцугамi ды ўменьнем махаць пугаю жарснай Суседкi (Вольга Сiзова). А чаго вартыя ўлёткi нашай апазыцыi ў параўнаньнi з заклiкам Незнаёмага (Уладзiмер Iваноў) «iсьцi на сход, выганяць з краiны праклятага Цмока». А калi хто бачыў танец вялiкага, у чалавечы рост, чэлеса? I куды падавацца менскiм путанам пасьля блiскучага эпiзоду, сыгранага Тацянай Мархель менавiта ў гэтай iпастасi? Ды й менскiя амонаўцы — хутчэй агнцы боскiя перад зацягнутымi ў скуру Функцыянэрамi, якiя катуюць беднага Яську, шукаючы забароненую лiтаратуру.

«Вольная сцэна» ў чарговы раз пацьвердзiла сваё права на гэтую назву рэдкiм разьняволеньнем. Але спаяны тандэм Ката й Сiдаркевiч, сьмешны балет у пастаноўцы Мiхася Камiнскага, ды й сама дзея, здаецца, былi толькi тлом для эпатажу як такога. Цi, можа, я яшчэ маленькi для такога тэатру? Па праглядзе спэктакля я сустрэў знаёмага. Параiў схадзiць. Маўляў, такога ты яшчэ ня бачыў.

Знаёмаму пашанцавала болей. Ён пасьля доўга мне дзячыў. Перад антрактам у тэатры адрубiлася электрычнасьць.

Няўдзячны слухач