Генадзь Сагановіч. Крыжак

№ 18 (139) 1999 г.

09.08.1999 / 13:00


Генадзь Сагановіч

КРЫЖАК

 

Пазнаем і разумеем гісторыю мы праз словы, і ад дакладнасьці назваў залежыць адэкватнасьць нашых ведаў. Нездарма гістарычная тэрміналёгія ў кожнага народу пад асаблівай увагай. Парадкаваць яе некалі давядзецца і беларусам. Акурат пра гэта гаварылася ў самым першым нумары адроджанай «Нашай Нівы». Тады прыводзіліся канкрэтныя прыклады і прапаноўваліся крытэры адбіраньня адпаведных назваў. Сёньня ў працяг тэмы — пра «крыжакоў».

Слова «крыжак» цяпер у нас спрэс выкарыстоўваецца як у навуковай (за рэдкім выняткам), так і ў мастацкай літаратуры. Пры гэтым «крыжакамі» называюць усіх, хто калі належаў да рыцарскіх ордэнаў. Што ў Палестыне, што пад Рыгай, што ў Прусіі — паўсюль «крыжакі». Аднак гэта чыста польскі гістарычны тэрмін з канкрэтным гістарычным зьместам. У польскай традыцыі «krzyzak» — той, хто належыць да рыцарскага ордэну Сьвятой Дзевы Марыі, які асеў у ХІІІ ст. на Вісьле і быў вядомы як Тэўтонскі, Нямецкі, або яшчэ, ад тэрыторыі, — Прускі. Яго рыцары насілі белыя плашчы з чорным крыжам, адсюль і назва. Падкрэсьлю, Крыжацкі ордэн — гэта польская ўласная назва згаданага ордэну. Рыцараў з ордэну Мечаносцаў, што аселі на Дзьвіне, або, прыкладам, Тампліераў, ніхто ніколі «крыжакамі» не называў. Пры гэтым для палякаў слова «крыжак» з часоў Длугаша мела выразна антынямецкую афарбоўку, што вынікала зь іх векавой варажнечы.

Вось жа ў нас традыцыя была крыху іншай. Само слова «крыжак» не ўжывалася. У летапісах ордэн называлі «Нямецкай зямлёй», «Немцамі», «Прускай зямлёй», а рыцараў — «немцамі», «немчынамі». І ў актавых матэрыялах «крыжакоў» не спатыкаем. Гэтае слова стала фіксавацца ў нашай лексыцы толькі з ХVІІ ст., акурат з пачаткам палянізацыі, але да ХХ ст. сустракалася выключна рэдка.

Без адмысловага досьледу цяжка сказаць, калі ж «крыжакі» трывала прапісаліся ў нашай мове. Ні Доўнар-Запольскі, ні Станкевіч, ні Захарка, ні Найдзюк, ні многія іншыя аўтарытэты словам гэтым яшчэ не карысталіся. Яно ўвайшло ў шырокі ўжытак пасьля апошняй вайны. Прынамсі ў БелСЭ і шасьцітамовым тлумачальным слоўніку беларускай мовы «крыжак» ужо атаясамляецца з «крыжаносцам» (удзельнікам крыжовай вайны). Выглядае, што гэты палянізм трапіў у нашыя слоўнікі ў гады найбольшай русіфікацыі краю.

Запазычэньне само па сабе — зьява нармальная. Аднак у гэтым выпадку мы займелі безаглядную кальку, гістарычны сэнс якой сфальшаваны. Уласнае найменьне канкрэтнага ордэну ператварылі ў назву агульную і перанесьлі на ўдзельнікаў крыжовых выправаў увогуле. Ясна, што падобная непавага да гістарычнай тэрміналёгіі можа заблытаць кожнага, хто шукае праўдзівых сьлядоў мінуўшчыны.